BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірына Сідорская: Пратасевіч застаецца ў закладніках

У Беларусь раней свецкая ільвіца, а цяпер нібы журналістка, прыехала Ксенія Сабчак зрабіць інтэрв’ю з Раманам Пратасевічам. Яго лукашэнкаўская прапаганда зараз пазіцыянуе, як пасярэдніка ў справе палітвязняў, адказнага за канцэпцыю «перагарнуць старонку». У Беларускай медыяпрасторы абмяркоўваюць гэта інтэрв’ю ды называюць яго традыцыйна прапагандысцкім.

Ірына Сідорская. Фота: з асабістага архіву

Ідэалагічныя аспекты гэтай акцыі абмяркоўваем з нашай госцяй, прафесаркай, медыяэксперткай Ірынай Сідорскай.

РР: Як Вам бачыцца медыяльная сітуацыя? У наступным годзе выбары. І тут прыязджае Ксенія Сабчак.

Ірына Сідорская: Могуць быць розныя варыянты. І на самой справе мы ж дакладна не ведаем, мы можам толькі меркаваць. Я прытрымліваюся такой версіі, што ўсё значна прасцей, чым мы думаем. Я думаю, што ў гэтым выпадку інтарэсы Ксеніі Сабчак, інтарэсы ўрада Лукашэнкі і афіцыйнай прапаганды і ў тым ліку расейскай улады, яны супадаюць. Ксенія Сабчак напісала ў сваім ТГ-канале, што гэта як быццам яе цалкам ініцыятыва. Я згодная ёй паверыць, таму што менавіта так сябе паводзіць Сабчак апошнія 10 гадоў. Я бачу, наколькі яна “трымае нос па ветры”, наколькі яна хоча, каб яе лад жыцця застаўся такім жа самым, маю на ўвазе, каб яе жыццё было такім, не пабаюся гэтага слова – забяспечаным, багатым, вясёлым, публічным. Гэта прыклад, мне  здаецца, такой піцерска-маскоўскай інтэлігенцыі, эліты, якая вельмі добра прыкормлена расейскай уладай, і таму яна лаяльная гэтай уладзе. І яна робіць тое, што ёй выгадна рабіць у дадзенай сітуацыі. Я думаю, тут вось так склаліся карты, і нават тая самая лукашэнкаўская прапаганда яна можа да гэтага і не дадумалася б. Але ёй гэта таксама выгадна зараз.

РР: У гэтым і небяспека, такая пастка, што гэтую інфармацыю нам падае чалавек, якому мы ўмоўна давяраем. І вось Ксенія Сабчак яна такая і ёсць. Прапагандысцкі заварот.

Ірына Сідорская: Безумоўна, менавіта ў гэтым і пастка. Канешне, мы ёй давяраем больш, чым прадстаўнікам дзяржаўнага тэлебачання, што беларускага, што расейскага. Аднак, калі я глядзела каментары аўдыторыі пад відэа Сабчак, там прэвалююць негатыўныя каментары. І людзі, менавіта з Расеі, якія менш знаёмыя з нашай сітуацыяй, яны таксама гэта бачаць і таксама шмат хто піша, што расчараваныя, што думалі, што Сабчак не такая, а вось яна тая ж самая служка прапаганды, як і ўсе іншыя.

Ксенія Сабчак і Раман Пратасевіч. Кадр: Асцярожна: Сабчак / Youtube

РР: Ці варта глядзець гэтае інтэрв’ю? Што Пратасевіч вельмі важнага сказаў у інтэрв’ю, чаго раней не гаварыў, што можа нейкім чынам палітычна выкруціць можа нават не Расея, а Беларусь?

Ірына Сідорская: Я не раю людзям глядзець гэтае інтэрв’ю. Я яго глядзела, бо я – даследчыца, медыяэкспертка і я павінна была яго паглядзець. Але для звычайных людзей, гэта ж не сапраўднае журналісцкае інтэрв’ю. Я згодная з тым, што Пратасевіч застаецца ў закладніках. Чакаць ад яго аб’ектыўнай інфармацыі няправільна. Ён гаворыць тое, што ён можа зараз гаварыць і тое, што будзе выгадна для яго. Тое, што зберажэ яму жыццё і пэўны дабрабыт. Мне падаецца, што з новага там было, перш за ўсё, персанальная гісторыя Пратасевіча, расказаная ім самім. Я ўсё ж такі думаю, што для Ксеніі Сабчак вельмі важная яе расейская аўдыторыя. І канешне яна не так падрабязна ведае ўсю гэтую гісторыю. І ёй трэба было патлумачыць. Тлумачыў сам Пратасевіч. І канешне, ён апраўдваў сябе. Ён казаў, што нікога не здаваў, альбо, “калі б вы пабывалі ў маёй сітуацыі, вы б зрабілі тое самае” і так далей. Пратасевіч доўга, падрабязна расказваў сваю гісторыю з такога пункту гледжання, што ён не тое, што паступіў так, як большасць паступіла б, а што ён нават там герой, ён нікога не здаваў насамрэч і так далей. Мне здаецца, у гэтым уся розніца ў адрозненне ад тых інтэрв’ю, якія ён даваў на беларускіх каналах.

На Youtube-канале Ксеніі Сабчак выйшла інтэрв’ю з былым палітвязнем Раманам Пратасевічам, якога затрымалі ў Менску пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair. Скіраванае яно пераважна на расейскага гледача, але з улікам таго, што Беларусь жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы – яно таксама выклікала рэзананс.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя