У Варшаве завяршаецца IV Канферэнцыя беларусаў свету. На працягу трох дзён больш за 200 удзельнікаў з 16 краінаў — ад Канады і ЗША да Ізраіля і Грузіі — шукалі адказы на галоўнае пытанне: як дзейнічаць разам — цяпер, па-за межамі беларускай краіны.
Праграма канферэнцыі складалася з тэматычных сайд-івэнтаў і дыскусіяў: пра культурніцкую дыпламатыю, фінансаванне, працу з урадамі; панэльных сесіяў пра падтрымку палітвязняў, адукацыю, легалізацыю; работы ў групах і распрацоўкі канкрэтных планаў дзеянняў беларусаў за мяжой.
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай падзяліўся сваімі ўражаннямі ў яе тэлеграм-канале:
– Людзі былі актыўныя, былі спрэчкі, сваркі. Зноў гучалі правакацыйныя пытанні: хто скраў грошы, калі мы пераможам, калі мы вернемся назад? Безумоўна таксама хацелася мець адказы на ўсе гэтыя пытанні, але гэта залежыць ад кожнага. Я думаю, такія рэчы, калі мы збіраемся разам, думаем, шукаем рашэнні, мяняем нейкую стратэгію, яны як раз дапамагаюць знайсці адказ на пытанне: калі мы ўсё ж такі вернемся дадому? Таму дзякуй вялікі ўсім, хто ўдзельнічаў. Далучайцеся да грамадскага, палітычнага жыцця. І Жыве Беларусь!
Падчас канферэнцыі ўдзельнікі агучылі больш за 100 прапановаў і ідэяў, якія стануць часткай супольнага плана дзеянняў дыяспары.
***
У сувязі з прыпыненнем фінансавання НДА за мяжой з боку новай прэзідэнцкай адміністрацыі ЗША беларускі грамадскі сектар знаходзіцца ў “найгоршай сітуацыі за апошнія 25 год”, заявіў сузаснавальнік фонда салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак на IV Канферэнцыі беларусаў свету ў Варшаве.
Паводле яго, гэты стан не зменіцца ў бліжэйшы час: “ЗША — гэта надоўга, як мінімум, на чатыры гады”. BySol стаіць перад такімі ж самымі выклікамі, як і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дадаў актывіст, і “ў такім маштабе, як ён зараз працуе, хутчэй за ўсё, працаваць не будзе”.
Арганізацыя вымушана “скарачацца, карэктаваць выдаткі”: “Гэта значыць, што даўжэй будуць разглядацца заяўкі, <…> менш будзе магчымасцяў дапамагаць людзям, <…> можа быць, не ўсе эвакуацыі [з Беларусі] будуць здзейсненыя”.
***
У Варшаве 24 траўня скончыўся другі дзень IV Канферэнцыі беларусаў свету. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі працавалі ў групах: абмяркоўвалі праблемы і новыя выклікі і спрабавалі знайсці шляхі іх вырашэння. Акрамя таго, прайшла панэльная дыскусія, прысвечаная фандрайзінгу, і серыя пытанняў і адказаў з удзелам беларускіх палітыкаў. Напрыканцы асноўнага дня Канферэнцыі з прамовай выступіла Святлана Ціханоўская, паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.
У фінальнай частцы свайго выступу яна падкрэсліла моц беларусаў нават у складаных умовах і важнасць падтрымкі адно аднаго. Святлана Ціханоўская таксама звярнула ўвагу на сілу супольнасці, якая, нягледзячы на рознагалоссі, здольная да яднання і салідарнасці.
Сёння, у трэці дзень Канферэнцыі, з 12:00 да 20:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве пройдзе выстава «Нічога асабліва новага», якая прадставіць асабістыя рэчы палітвязняў, іх лісты, вершы і гукавыя сведчанні — як эмацыйны аповед пра жыццё за кратамі і сілу салідарнасці.
***
У Варшаве працягваецца IV канферэнцыя беларусаў свету. З прамовай выступіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, з відэазваротам далучылася Івонка Сурвіла. У залі — палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы, актывісты.
















У Варшаве з 23 па 25 траўня ладзіцца IV Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Асноўная праграма з удзелам Святланы Ціханоўскай разгарнецца заўтра, у суботу, 24 траўня. Але і сёння адбыліся сустрэчы, на якіх абмяркоўваўся ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, пошук фінансавання ў культурным сектары і іншае.

Меркаваннем пра падзеі дзеліцца выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыяльным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Баркоўскі:
-Асабіста цікавым стала тое, што ў нас нарэшце памянялася трохі танальнасць нашых размоў. Калі раней мы збольшага наракалі на сітуацыю ці агулам шукалі ідэі, як з гэтага ўсяго выйсці, то цяпер было бачна, што мы ўжо да сітуацыі збольшага звыкліся, зразумелі, што яна не зменіцца ў вокамгненне, і цяпер мы ўжо шукаем рэальныя адказы, рэальныя інструменты таго, што можна і варта рабіць.
У суботу канферэнцыя пачнецца ў 8:30, месца правядзення – Staszic Palace. А ў нядзелю падзея перамесціцца ў Музей Вольнай Беларусі.
Цалкам матэрыял:


Беларускае Радыё Рацыя






