BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ізраіль атакаваў сектар Газы. ХАМАС заявіў пра 300 загінулых

Ізраільскія вайскоўцы ўначы паведамілі, што наносяць удары па сектары Газа пасля таго, як перамовы пра падаўжэнне спынення агню не прывялі да дамовы. Кіраванае ХАМАС міністэрства аховы здароўя раніцай заявіла, што загінулі сама меней 330 чалавек.

“У адпаведнасці з рашэннем палітычнага эшалона, ЦАХАЛ і Шын-Бэт цяпер робяць масіраваныя ўдары па аб’ектах тэрарыстаў, якія належаць тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС у сектары Газа”, – гаворыцца ў начной заяве Арміі абароны Ізраіля і службы бяспекі Шын-Бэт.

У паведамленні канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраілю сказана, што Біньямін Нетаньяху і міністр абароны Ісраэль Кац аддалі распараджэнне “прыняць рашучыя меры” супраць ХАМАС. План удараў “быў прадстаўлены Арміяй абароны Ізраіля на выходных і ўхвалены палітычным кіраўніцтвам”, гаворыцца ў заяве.

«Гэта адбылося пасля неаднаразовай адмовы ХАМАС вызваліць нашых закладнікаў, а таксама адмовы ад усіх прапаноў, атрыманых ад спецпасланніка прэзідэнта ЗША Стыва Ўіткофа і пасярэднікаў, – заявіў офіс Нетаньяху. — У дадзены момант ЦАХАЛ атакуе мэты тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС па ўсім сектары Газа для дасягнення мэт вайны, вызначаных палітычным кіраўніцтвам, уключаючы вызваленне ўсіх нашых закладнікаў, жывых і мёртвых».

Высокапастаўлены прадстаўнік ХАМАС заявіў агенцтву Reuters, што Ізраіль у аднабаковым парадку спыніў дзеянне пагаднення аб перамір’і, якое набыло моц 19 студзеня.

Пазней прадстаўнік групоўкі заявіў, што Ізраіль вырашыў ахвяраваць сваімі закладнікамі, аднавіўшы баявыя дзеянні і парушыўшы перыяд адноснага спакою.

ХАМАС пакуль не аб’явіў аб аднаўленні вайны, заклікаўшы пасярэднікаў і ААН умяшацца.

Прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт заявіла ў эфіры Fox News, што Ізраіль загадзя папярэдзіў амерыканскую адміністрацыю аб ударах па цэлях у Газе.

“Як ясна даў зразумець прэзідэнт Дональд Трамп, ХАМАС, хусіты, Іран, усе тыя, хто імкнецца тэрарызаваць не толькі Ізраіль, але і Злучаныя Штаты Амерыкі, заплацяць за гэта”, — сказала Лівіт.