
Фота: Osamah Yahya/picture alliance via Getty Images
Хусіты пацвердзілі інфармацыю, што прэм’ер іх ураду Ахмед аль-Рахаві загінуў у мінулы чацвер ў сталіцы Емена Сане ад удару Ізраілю, паведаміла Associated Press.
Паводле заявы, аль-Рахаві і іншыя прадстаўнікі ўраду праводзілі планавае паседжанне, калі іх заспеў удар Ізраілю. Разам з прэм’ерам, паводле арабскіх медый, загінулі яшчэ 7 міністраў квазі-ураду, а ўвогуле былі забітыя каля 50 чалавек. Жывымі засталіся толькі 4 так званыя міністры.
Аль-Рахаві займаў пасаду прэм’ера хусітаў з 10 жніўня 2024 года. Раней ён уваходзіў у Вярхоўны Палітычны Савет, створаны антыўрадавымі сіламі ў час аперацыі арабскай кааліцыі, якая пачалася ў 2015 годзе.
28 жніўня Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у сваім тэлеграм-канале паведаміла, што ізраільскія ваенныя здзейснілі ўдар па ваеннай інфраструктуры хусітаў у сталіцы Емена.






