Ізраіль, верагодна, нанёс удар па расейскай авіябазе “Хмеймім” у Сірыі, дзе знаходзіўся груз іранскай зброі, прызначанай для ліванскай групоўкі “Хезбала”. Аб гэтым піша нямецкае выданне Bild.
Так, у сеціве з’явіліся фатаграфіі і відэа, на якіх бачныя магутныя выбухі ў раёне базы Хмеймім. Неўзабаве пасля гэтага прадстаўнікі “Хезбалы” і сірыйскія журналісты паведамілі аб ізраільскім удары па расейскай базе.
“Ізраільскі напад быў накіраваны на склад унутры расейскай базы Хмеймім. Ізраіль разбамбіў базу праз гадзіну пасля прыбыцця на яе іранскага самалёта Qeshm Fars Air”, — напісаў журналіст апазіцыйнай сірыйскай тэлекампаніі Syria TV Абдула аль-Муса.
Турэцкі журналіст, які размаўляў з Bild на ўмовах ананімнасці, пацвердзіў гэтую версію. Па дадзеных яго крыніц, прычынай ізраільскага ўдару стаў груз, які прыбыў з Ірана “пад выглядам гуманітарнай дапамогі для ліванцаў”.
Як адзначае Bild, Ізраіль ужо шмат гадоў практыкуе авіяўдары па тэрыторыі Сірыі ў спробах сарваць пастаўкі іранскай зброі “Хезбале”. Аднак да гэтага часу ізраільцяне ўстрымліваліся ад удараў па расейскай ваеннай базе.