BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ізраіль знішчыў лідара ХАМАС Ісмаіла Ханію

Ісмаіл Ханія. Фота: Wikimedia Commons

Авіяўдар быў нанесены па яго рэзідэнцыі ў сталіцы Ірана, куды ён прыехаў на інаўгурацыю новага прэзідэнта краіны.

ХАМАС паведаміла аб гібелі кіраўніка палітбюро руху Ісмаіла Ханіі ў выніку ўдару Ізраіля па яго рэзідэнцыі ў сталіцы Ірана Тэгеране:

«Рух ісламскага супраціву ХАМАС выказвае спачуванні сынам нашага вялікага палесцінскага народа. Ісмаіл Ханія, кіраўнік руху, быў забіты ў выніку вераломнага налёту сіяністаў на яго рэзідэнцыю ў Тэгеране пасля яго ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі новага прэзідэнта Ірана», — цытуюць сусветныя СМІ заяву ХАМАС.

***

Ісмаіл Ханія нарадзіўся 29 студзеня 1963 года ў лагеры палесцінскіх бежанцаў Шааці ў Газе. У 1987 годзе скончыў Ісламскі ўніверсітэт Газы па кафедры арабскай літаратуры, і ў тым жа годзе ўступіў у шэрагі новага «ісламскага руху супраціву» (ХАМАС).

У 1992 годзе Ісмаіл Ханія быў дэпартаваны Ізраільскімі ўладамі ў Паўднёвы Ліван, праз год ён вярнуўся ў сектар Газа і пачаў працаваць у Ісламскім універсітэце.

Ханія з’яўляўся адным з бліжэйшых памочнікаў духоўнага лідара ХАМАСа шэйха Ахмада Ясіна. У 1998 годзе ён узначаліў яго канцылярыю.

У 2004 годзе пасля знішчэння Ясіна і яго пераемніка Абд аль-Азіза Ранцісі Ісмаіл Ханія ўзначаліў урад ХАМАСа ў Газе.

У маі 2017-га Ісмаіл Ханія быў абраны новым кіраўніком Палітбюро ХАМАС.

Ханія апошнія гады пражываў у сталіцы Катара. Яго асабістая маёмасць ацэньвалася ў больш чым 4 мільярды даляраў.

Многія сыны Ісмаіла Ханіі і іншыя яго сваякі былі ліквідаваныя падчас ваеннай аперацыі «Жалезныя мячы» ў Газе, якая пачалася пасля разні, учыненай тэрарыстамі ХАМАСа ў Ізраілі 7 кастрычніка 2023 года.