BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ізраіль зрабіў прэвентыўны ўдар па іранскіх ядравых аб’ектах

У выніку ізраільскіх удараў па Іране маглі загінуць начальнік генштаба іранскіх узброеных сіл Махамад Багеры, а таксама вядучыя навукоўцы-ядзершчыкі, паведамляе The Times of Israel, спасылаючыся на прадстаўніка Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ).

“Дзясяткі самалётаў ВПС Ізраіля завяршылі першы этап, які ўключаў нанясенне ўдараў па дзясятках ваенных аб’ектаў, уключаючы ядзерныя аб’екты ў розных раёнах Ірана”, – гаворыцца ў паведамленні вайсковай прэс-службы.

***

У тры гадзіны ночы з 12-га на 13-е чэрвеня Ізраіль пачаў атаку на Іран. Ізраільскія ваенна-паветраныя сілы здзейснілі ўдары па прадпрыемствах па ўзбагачэнні урану ў Натанзе і Форда, па ракетных базах у Керманшаху і Харэмабадзе, а таксама па Тэгеране, Ісфахану, Тэбрызу ды іншых вялікіх гарадах Ірану.

Мэтай стала кіраўніцтва іранскіх узброеных сілаў і Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, а таксама навукоўцы, якія працуюць над ядравай праграмай. Таксама здзеснены ўдары па Куму, дзе жывуць многія прадстаўнікі кіраўніцтва ісламскай рэвалюцыі.

Іранскае дзяржаўнае інфармагенцтва паведаміла, што ў выніку ізраільскіх удараў загінулі камандуючы КВІР Хасэйн Саламі і фізік Мехдзі Тэхранчы.

Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Эфі Дэфрын заявіў, што гэта папераджальная атака, звязаная з тым, што Іран “як ніколі блізкі да атрымання ядравай зброі”.“Дзяржава Ізраіль не дазволіць рэжыму, мэтай якога з’яўляецца знішчэнне Дзяржавы Ізраіль, валодаць зброяй масавага знішчэння”, – падкрэсліў ён.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выпусціў звароты да ізраільцянаў на іўрыце і да амерыканцаў па-ангельску. Ён абвясціў, што аперацыя супраць Ірана атрымала назву “Народ як ільвіца”. Ён заявіў, што Іран назапасіў урана на дзевяць атамных бомбаў і меў намер вырабіць дзесяць тысяч балістычных ракет за тры гады.

Паведамленняў пра якія-небудзь зваротныя дзеянні з боку Ірана пакуль не было.

У Ізраілі абвешчана надзвычайнае становішча. Не працуюць школы, дзіцячыя сады, універсітэты і ўсе прадпрыемствы, акрамя жыццёва важных. Паветраная прастора краіны закрытая. Іран таксама закрыў сваю паветраную прастору.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Ізраіль распачаў атаку на Іран “у аднабаковым парадку”. Напярэдадні Дзярждэпартамент заклікаў амерыканцаў, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе, захоўваць надзвычайную асцярожнасць. Неасноўнаму персаналу было загадана пакінуць амерыканскія пасольствы і ваенныя базы ў рэгіёне.

***

Ізраіль у ноч на пятніцу пачаў здзяйсняць удары па цэлях у Іране. Улады краіны заявілі, што атакавалі іранскую ядзерную праграму, і абвясцілі надзвычайнае становішча ў чаканні удараў у адказ з боку Тэгерана. Пра гэта паведамляе ВВС.

“Мы нанеслі ўдар па сэрцы іранскай ядзернай праграмы. Мы нацэліліся на галоўны аб’ект па ўзбагачэнні ўрану ў Натанзе. Мы таксама нанеслі ўдар па сэрцы іранскай праграмы па стварэнні балістычных ракет», — заявіў у відэазвароце прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, дадаўшы, што вайскоўцы таксама нанеслі ўдар па іранскіх навукоўцах-ядзершчыках.

Па словах Нетаньяху, аперацыя “будзе працягвацца столькі дзён, колькі спатрэбіцца для ліквідацыі пагрозы” з боку Ірана”.

З свайго боку іранскія СМІ паведамляюць пра гібель ад ізраільскага ўдару камандуючага корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Хасэйна Саламі. Ён уваходзіў у лік некалькіх высокапастаўленых іранскіх афіцыйных асоб, якія, як мяркуецца, загінулі ў выніку начных нападаў.