BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Я буду далей змагацца за тое, каб Лукашэнка быў выдадзены ў Гаагу”

Пра беларускую мову, палітычную абстаноўку ў Беларусі і свеце з Госцем Рацыі – кіраўніком Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам – размаўляе наш карэспандэнт Міхал Андрасюк.

РР: Так як размаўляем з Вамі ў Дзень роднай мовы, то для Вас беларуская мова – гэта…?

Павел Латушка: Гэта душа. Душа, якую мне падарылі мае бацькі – матуля і бацька, якога ўжо няма. Гэта ён менавіта даў гэтую крыніцу любові да матчынай мовы, разумення таго, хто я такі на гэтым свеце, дзе я нарадзіўся, дзе мае карані. А пазней, я кажу гэта шчыра, не таму, што знаходжуся зараз у студыі Радыё Рацыя на Беласточчыне, гэта Беласточчына, гэта беларусы з Беластоку.

Гэта быў такі вельмі моцны імпульс, калі я маладым юнаком, дыпламатам, віцэ-консулам прыехаў у Беласток, і я пабачыў, як тут беларусы дбаюць пра беларускую мову і культуру, адукацыю. І гэта было штосьці незвычайнае. Вось бацька, маці, сям’я, і Беласточчына – два важных імпульсы для фармавання маёй свядомасці.

РР: А для палітычных патрэбаў карыстаецеся таксама расейскай, здараюцца вам звароты, выступленні на расейскай мове?

Павел Латушка: Так, мы, на жаль, жывём у такой інфармацыйнай прасторы, што нават сацыялогія пацвярджае, што вялікая частка беларусаў карыстаецца расейскай мовай. І нават не пытанне ў тым, вы ж ведаеце, калі я быў прэс-сакратаром МЗС, міністрам культуры я заўсёды карыстаўся беларускай мовай. Дарэчы, калі працаваў я амбасадарам, і ў МЗС заўсёды ўсе прэс-рэлізы былі толькі на беларускай мове.

На жаль, сёння мы бачым сітуацыю, што шмат людзей чамусьці, зразумела з якіх прычынаў, не хацела б слухаць па-беларуску і пераключаецца. Гэта праблема, якая створаная расейскім панаваннем над нашаю зямлёй стагоддзямі. Гэта праблема, якую фактычна зрабіў Лукашэнка, яго рэжым, бо нават сам факт карыстання беларускай мовай часта ўспрымаўся як элемент апазіцыі. Я памятаю, калі я стаў міністрам культуры, у мяне адбылася размова з адным вельмі ўплывовым у той час дзяржаўным дзеячам. Палітыкам, калі можна так сказаць. Ён мне сказаў: “Ну што ж вы робіце, Павел Паўлавіч, гэта ж нельга. Чаму вы размаўляеце па-беларуску. Калі ён (ён паказаў наверх) не пачне, то лепш гэтага не рабіць”. Я сказаў: “Не, я не змяню свайго погляду, буду размаўляць і карыстацца беларускай мовай. Давайце пашыраць, давайце рабіць кожны ад сябе і кожнага дня”.

РР: З’явіліся чуткі, “Байпол” як крыніца, што Менск згодны абмяняць Юрыя Зянковіча, грамадзяніна Злучаных Штатаў, на лідараў апазіцыі. Называюцца тры прозвішчы – Аляксандр Азараў, Вадзім Кабанчук і Павел Латушка. Пракаментуйце.

Павел Латушка: Я не ведаю, як каментаваць гэта. Гэта інфармацыя “Байпола”, яны публікуюць у сваім тэлеграм-канале. Я ведаю дакладна, што казаў былы міністр унутраных спраў Польшчы, спадар Камінскі. Ён у інтэрв’ю аднаму з тэлеканалаў Польшчы сказаў, што падчас перамоваў, якія адбыліся бадай у  2023 годзе, прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі на перамовах з польскім бокам ставілі прапанову пра абмен мяне на палітычнага зняволенага Анджэя Пачобута.

Мы памятаем з вамі, што калісьці Лукашэнка гэта нават публічна сказаў. Ён прапанаваў абмяняць Паўла Латушку і нашу каманду НАУ на Анджэя Пачобута. Так што гэтае пытанне ставілася рэжымам Лукашэнкі. Ці ставіцца яно зараз перад амераканцамі, я не ведаю, але сыходзячы з логікі, што ён гэта называў, тэарэтычна ўсё магчымае.

Гэта не мяняе маю паставу і не мяняе мой пункт гледжання. Я буду далей змагацца за тое, каб ён быў выдадзены ў Гаагу. Каб ён атрымаў ордар на арышт за тыя злачынствы, якія ён учыніў супраць беларускага народа, і ўчыняе да сёння.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя