BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Я ніколі не думаў, што Грузія павернецца ў бок Расеі.”

У Грузіі працягваецца палітычны крызіс, выкліканы геапалітычным паваротам грузінскіх уладаў у бок Расейскай Федэрацыі.

Ці застаюцца спадзевы на грамадскі супраціў? Ці паўплывае на грузінскую ўнутраную палітыку запрашэнне былой прэзідэнткі Саломэ Зурабішвілі на інаўрацыю Дональда Трампа? І як падзеі ў Грузіі ўплываюць на беларускую дыяспару? На гэтыя пытанні адказвае журналіст Андрэй Мялешка ў размове з Юліяй Сівец.

РР: Мы сёння будзем размаўляць пра сітуацыю ў Грузіі. Андрэй, ты доўгі час пражыў у Грузіі, да таго моманту, пакуль цябе, калі ты выязджаў з Грузіі, а потым вяртаўся, не ўпусцілі ў краіну. Цяпер ты не можаш туды ўязджаць. Скажы, калі ласка, калі ты выязджаў з Беларусі ў Грузію, ці было для цябе чакана, што Грузія пойдзе такім шляхам у бок аўтарытарызму і расейскага ўплыву?

Я ніколі не думаў, што з Грузіяй будзе так. Тады, ў дваццаць першым годзе, усе ведалі пра акупацыю 25% тэрыторыі Расеяй, па-нашаму гэта Абхазія і Паўднёвая Асетыя, але мы ніколі не думалі пра тое, што будзе ў 2024-2025 гадах. Пра тое, што Грузія павернецца ў бок Расеі… Так скажам, не Грузія, а Грузінская Мара павернецца ў бок Расеі.

РР: То бок, усё пачалося з таго, што яны заявілі, што адмаўляюцца ад еўраінтэграцыі. Падобнае было і ва Ўкраіне ў трынаццатым годзе.

Еўрамайдан 2013-2014 гадоў, на маю думку, стаў пачаткам вайны, якая якраз у 2014 годзе і пачалася. Я памятаю, як я размаўляў з украінцамі пра дзесяцігоддзе з пачатку гэтай вайны. Я рабіў інтэрв’ю для Радыё Рацыя з актывістамі, якія жылі ў Грузіі. Некаторыя з іх таксама не чакалі, што Еўрамайдан стане пачаткам вайны. Я не думаю, што ў Грузіі гэта будзе пачатак вайны, але я баюся, каб Грузія не стала такой Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікай, якая будзе слухацца Расеі.

РР: Акурат 9 студзеня з’явілася інфармацыя пра тое, што грузінская мара зрабіла вялікую афіцыйную заяву для сваіх выбарцаў і для Еўразвязу і адміністрацыі ЗША. Паводле гэтай заявы, візавыя абмежаванні некаторых краін і санкцыі, якія цяпер распачаліся, яны ацэньваюць як антыгрузінскі крок і таксама згадалі Ўкраіну, што Майдан прывёў да вайны, у тым ліку. А Грузія пакуль што ў выніку сваіх намаганняў не збіраецца дапусціць украінскі сцэнар, як улады Беларусі — так нагадвае рыторыка.

Мы якраз некалькі дзён таму размаўлялі са сваімі калегамі, якія засталіся ў Грузіі. Пра тое, што Грузінская Мара хоча зрабіць так званую беларусізацыю ў Грузіі, савецкую беларусізацыю ў Грузіі. Так скажам, пра тое, што яны не хацелі б так, як ва Украіне. Мне здаецца, што вось гэтыя думкі якраз ідуць з беларускіх крыніц — яны чэрпаюць такую інфармацыю. Чаму так? Я не ведаю, гэта такі расейскі наратыў, якім яны карыстаюцца з расійскіх СМІ, якія да сённяшняга часу вяшчаюць у Грузіі. Калі вы не ведаеце, у Грузіі свабодна вяшчаюць РТР, ОНТ, НТВ і іншыя рускія тэлевізійныя каналы, і вельмі шмат грузінаў гэтыя каналы глядзяць.

РР: Ты цяпер не ў Грузіі, але ўсё ж такі, ці вядома, як грузінскае грамадства, ці падзялілася на 50 на 50, ці ўсё ж такі больш за Грузінскую Мару і падтрымліваюць гэтае вяртанне да прарасейскай палітыкі? Як усё выглядае, таму што ў свой час некаторыя грузіны крытыкавалі беларусаў, што ў нас не атрымалася ў 2020 годзе. А як цяпер выглядае сітуацыя ў грамадстве Грузіі?

Некаторыя грузіны цяпер крытыкуюць партыі, што ў іх не атрымалася. Я таксама чуў такое. Я працягваю кантактаваць з людзьмі, якія прадстаўнікі розных арганізацый, грузінскіх партый і СМІ. Яны так і кажуць: «Вось, глядзіце, партыя крытыкавала вас, што ў вас не атрымалася. Цяпер мы бачым, што ў іх таксама нічога не атрымалася». І тут пытанне стаіць у тым, што грузінскае грамадства… Як яно падзялілася? Пытанне такое. У вялікіх гарадах, гэта Тбілісі, Батумі, Кутаісі, напрыклад, гэтыя гарады не галасавалі за Грузінскую Мару.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя