BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ягораў: Выбары рэжым можа скарыстаць для перамоўных стратэгій з Захадам

Разгубленасць беларускай апазіцыі і гэта напярэдадні 2025 года, калі ўлады і сам Аляксандр Лукашэнка рыхтуюцца да чарговай электаральнай кампаніі. Сітуацыю ацэньвае аналітык, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўнік «Блоку Пракоп’ева — Ягорава», – Андрэй Ягораў.

У протапарламенце яны сябе называюць апазіцыяй, не ўваходзяць у кааліцыю, якая вызначае трэнды. З палітыкам пагаварылі пра здольнасці апазіцыі перад так званымі «выбарамі» ды дыскусіі ўнутры «парламенту у выгнанні»:

Калі мы бярэм мэйнстрымавую палітыку беларускай апазіцыі, тут хутчэй дамінуе калі не разгубленасць, то руцінны падыход да гэтай сітуацыі. То бок, жаданне сказаць пра тое, што выбараў няма ў Беларусі, і не трэба іх адразу прызнаваць. Мы можам рабіць адзінае, што нейкую інфармацыйную кампанію для Беларусі. Пабачым тое самае, што было падчас апошніх парламенцкіх выбараў.

РР: Уласна кажучы, паўтарэнне парламенцкіх выбараў будзе ў Беларусі ў 2025 годзе? Бо ўсе гавораць пра тое, што можа нешта такое здарыцца і калі гэта здарыцца, то ўсё памяняецца. А што мае здарыцца?

Андрэй Ягораў: Калі мы кажам пра самі выбары, то яны будуць зманіпуляваныя так, як яны былі зманіпуляваныя падчас парламенцкіх выбараў. Адзінае, што сама сітуацыя выбараў можа быць скарыстаная  палітычным рэжымам Беларусі для нейкіх перамоўных стратэгіяў з Захадам. І падаецца, што зараз у гэтым накірунку яны і робяць крокі. І тэндэнцыя вызвалення палітычных вязняў і пэўныя сігналы, які падае рэжым Беларусі Захаду, гэта тое, што адрознівае сітуацыю парламенцкіх выбараў ад сітуацыі прэзідэнцкіх выбараў. Гэта стварае трошкі больш магчымасцяў, у тым ліку для дыпламатычнай працы і пэўных момантаў і нюансаў, якія могуць дапамагчы беларускім дэмакратычным сілам вырашыць некаторыя праблемныя моманты з вызваленнем хаця б часткі палітычных зняволеных. Бо калі рэжым хоча запрашэння міжнародных назіральнікаў, калі ён скарыстаецца сітуацыяй выбараў для нібыта пацяплення адносінаў і ўзнаўлення пэўных стасункаў, то гэтым можа быць абумоўленае пытанне вызвалення палітычных зняволеных, паляпшэннем доступу да палітычных зняволеных, таму што шмат гуманітарных пытанняў, калі людзі знаходзяцца ў турмах у сітуацыі інкамунікада.  

У 2025 годзе адбудуцца сёмыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі незалежнай Беларусі. Аляксандр Лукашэнка дату пакуль не называе, на гэты конт толькі спекуляцыі, варыянтаў чатыры. Па Канстытуцыі выбары павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя