Цяжка дамовіцца па важных эканамічных пытаннях, больш гучыць ідэалагічных заяў. Як далей будуць развівацца расейска-беларускія інтэграцыйныя працэсы – прагназуе палітолаг Роза Турарбекава.

Працэс кволы, чарговы раз бакі не могуць дамовіцца па пытаннях, якія сапраўды важныя для Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, адкладваецца прыярытэтны кірунак: стварэнне адзінага рынку газу і энергарэсурсаў, заўважае Роза Турарбекава:
-Дакладна не атрымалася ў іх па газе, нафце і электраэнергіі. Гэта азначае, што і ў адказ, магчыма, і па прамых падатках не атрымалася падпісаць дакумент. Але больш падрабязна я змагу сказаць тады, калі з’явіцца дакумент. А дакумент з’явіцца, ён нікуды не дзенецца. Расейцам усё роўна, ім хаваць няма чаго. Гэта нам ёсць што хаваць, бо гэта мы аддаём суверэнітэт, не расейцы.
Інтэграцыйная гісторыя Расеі і Беларусі цягнецца з 1995 года, а ў снежні 1999 года ў Маскве Ельцын і Лукашэнка папісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. З таго часу працэсы праходзяць з пераменным поспехам. У 2021 ў Расеі з’явіўся дакумент пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі на беларускім напрамку», паводле якога Беларусь павінна быць поўнасцю інтэграваная ў Расею да 2030 года.
Беларускае Радыё Рацыя






