BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як перамога Трампа можа паўплываць на падтрымку Украіны?

Да канца году пакуль ніхто не чакае завяршэння вайны ва Украіне. А ваенны стан даўно стаў часткай жыцця, – пра настроі ўкраінскіх грамадзянаў, выбары ў ЗША і мабілізацыю разважаў наш сённяшні Госць Рацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны Вадзім Васюцінскі.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Як Вам падаецца, якія тэмы зараз найбольш хвалююць украінцаў і што зараз адбываецца з ваенным станам?

Вадзім Васюцінскі: Тры тэмы я б акрыэсліў. Гэта сітуацыя на фронце, бо цяпер бачым наступленне, не вельмі магутнае, але ёсць наступленне расейцаў і на Данбасе, і ў Курскай вобласці. Хоць інфармацыя такая вельмі супярэчлівая. Бо на працягу дня можна пачуць і негатыўныя звесткі, і больш аптымістычныя. Другая тэма – гэта мабілізацыя. Да гэтай тэмы ўжо прывыклі. Яна можа ўжо не так дразніць людзей, але натуральна, гэта больш датычыцца тых, хто хаваецца, ці не хаваецца. Ужо перастала гэтая тэма быць вельмі актуальнай, але, натуральна, што гэта вельмі важнае пытанне. Бо маем шмат інфармацыі пра тое, што нашыя войскі ўжо церпяць ад таго, што не хапае людзей на фронце. Трэцяя тэма – вельмі актуальная сёння – гэта выбары ў ЗША. Не скажу, што ўсе чакаюць, але разумеем, што ад вынікаў гэтых выбараў шмат што будзе залежыць. І натуральна, што сімпатыі ўкраінцаў больш на баку Харыс. І перамога Трампа ўносіць непакой у грамадскую думку.

РР: Ці варта чакаць кардынальных зменаў у плане вайны ва Украіне пасля выбараў у ЗША?

Вадзім Васюцінскі: Мне падаецца, што непрадказальнасць Трампа не будзе мець надта вялікага значэння ў амерыканскай сістэме палітычнай. Бо там яго паводзіны надта эмацыйныя, яны будуць згладжвацца пад уплывам амерыканскіх інстытутаў. І што вельмі кардынальных зменаў не будзе. Гэта мая думка. Але ў грамадстве гэты стасунак больш нервовы, крыху панічны.

РР: Якія цяпер насторі адносна працягласці вайны? У што вераць ці не вераць украінцы?

Вадзім Васюцінскі: Я б сказаў, ёсць дзве тэндэнцыі супрацьлеглыя. З аднаго боку, нарастаюць расчараванне і жаданне, каб усё скончылася, каб быў нейкі кампраміс. Такія настроі не пераважаюць, але яны паволі нарастаюць. А з другога боку, розныя паведамленні пра тое, што ў Расеі сітуацыя пагаршаецца, што з эканомікай дрэнна, гэта дадае надзеі, што ўсё можа скончыцца на нашу карысць. Гэтыя дзве тэндэнцыі дзейнічаюць на свядомасць і таму такая няўпэненасць у тым, што будзе. Яна таксама не дае магчымасці выпрацоўваць больш стабільную пазіцыю.

Паўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 987-ты дзень. Верагодна, што да канца студзеня 2025 года баявыя дзеянні яшчэ завершаныя не будуць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя