BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў вайне

Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL апублікавала расследаванне пад назвай «Зброевы Барон / Як Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне». Аўтары расследавання лічаць, што сваім матэрыялам, над якім ішла праца больш за паўгода, яны прыводзяць доказы віны саўдзелу Лукашэнкі і яго памагатых у расейскай агрэсіі супраць Украіны і забойстве цывільных асоб.

«Шмат дзесяцігоддзяў рэжым Лукашэнкі ўпарта пераконваў усіх, што Беларусь — гэта самая міралюбівая краіна, якая не шукае ніякіх канфліктаў. Якая ж сапраўдная каштоўнасць такіх абяцанняў, усім стала зразумела, калі дыктатар дазволіў войскам расейскіх акупантаў бесперашкодна напасці на Украіну з нашай тэрыторыі».

Гэты матэрыял — вынік шматмесячнай працы, дзякуючы якой гледачы даведаюцца пра тое, як прадпрыемства «Пеленг», а таксама кітайска-беларуская кампанія «Shenzhen 5G High-Tech Innovation», ММЗ ім.Вавілава і іншыя арганізацыі дапамагаюць рэжыму ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, а таксама абыходзіць міжнародныя санкцыі. Называюцца прозвішчы людзей, якія ў гэтым удзельнічаюць.

Напрыклад, кампанія «Рухсервомотор» знайшла фірму-пракладку, якая маскуе іх супрацу з ММЗ ім. Вавілава. На налепках на прадукцыю «Рухсервомотор» перастаў пісаць імя сваёй кампаніі і пазначаць краіну вытворчасці.

«Гэтыя людзі баяцца таго, што пры захопе расейскай баявой тэхнікі ўкраінскімі вайскоўцамі будзе ўсталяваны вытворца прыцэлаў», – заяўляюць яны.

Акрамя таго, «Рухсервомотор» ажыццяўляе пастаўкі ротараў і статараў расейскаму Уралвагонзаводу, які вырабляе танкі.

У якасці задзейнічаных у вытворчасці механічных дэталяў для прыцэлаў таксама называюцца беларускія ТАА “Іванар Аўтаматыў”, “Дакладная механіка”, “АлЮрТэх”, “Кедр-Аўтаматыў”, “Дазатар-плюс”, “Гросвер Груп”, “КОХ-Машынінг”, «Жлобінскі завод «Святло», «Гідраманія».

Цалкам расследаванне можна паглядзець тут.