Канферэнцыя “Новая Беларусь” у Вільні. Сітуацыя ў Беларусі ўвайшла ў доўгатэрміновую стадыю змен, дэмсілам неабходна думаць над перспектывамі на дзесяць і больш гадоў наперад. Сённяшняя стратэгія дэмсілаў гэтаму не адпавядае, спадчына 2020 года больш не працуе. Пра гэта заявіў палітолаг Андрэй Ягораў. Таксама ён прапанаваў “у пэўным сэнсе” прызнаць легітымнасць рэжыму Лукашэнкі, калі гэта паспрыяе вызваленню палітвязняў.
Намеснік старшыні АПКБ Павел Латушка выказаў нязгоду з гэтым тэзісам:
– Я вельмі жорстка адрэагаваў “давайце прызнаем Лукашэнку, паедзем да яго і паклонімся”. Не планую гэтага рабіць, як палітык. Я заклікаю беларусаў не здавацца. Так гэта цяжка, гэта выклік, гэта вялікія рызыкі, рэпрэсіі і гэтак далей. Мы не маем права здацца. Тады мы пагодзімся з тым, што злачынствы могуць здзяйсняцца, здзяйсняцца кожнага дня, бяспраўе можа існаваць. Яно ніколі не будзе зменена, ніколі не будуць пакараныя тыя, хто робіць гэтыя злачынствы. Я з гэтым ніколі не пагаджуся.
Сваю меркаванне выказала і прадстаўніца ініцыятывы “Сумленныя людзі” Алена Жываглод:
– Мне падаецца, што гэта з боку Андрэя Ягорава такая спекуляцыя. Спекуляцыя на тэме перамоваў у імя вызвалення палітычных вязняў. Хто кліча нас на перамовы ў імя вызвалення палітвязняў? Усе сталі перамаўляцца ў імя палітвязняў. Але заклікаць легімітызаваць рэжым не ўсе рашаюцца і рыхтуюцца.
Паводле Жываглод, зараз ніхто не бачыць выйсця, як вызваліць палітзняволеных. Яна лічыць, калі і вызваляць палітзняволеных, то ўсіх.
Беларускае Радыё Рацыя