BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якая роля дыяспар у дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў?

Канферэнцыя «Новая Беларусь 2024» збіраецца неўзабаве ў Вільні. Ужо трэці раз прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў дыскутуюць публічна пра сваю стратэгію на наступны палітычны год. Тут не абыдзецца без дыяспар, якія складаюць магутную сілу ў палітыцы за мяжой. Ці гэта так? Абмяркоўваем з каардынатаркай народных амбасад Беларусі Аляксандрай Мамаевай ды прадстаўніком Офісу Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі Віталём Малчанавым.

РР: Канферэнцыя «Новая Беларусь» мае вызначыць стратэгію на 2025 год, паказаць, як мае выглядаць беларуская апазіцыя далей. Як вы бачыце гэтую канферэнцыю?

Аляксандра Мамаева: Канферэнцыя – гэта пачатак новага палітычнага года. Таму што зараз у Еўропе крышку прыпыняецца палітычная актыўнасць, ёсць час падумаць над тым, як і што мы робім далей, каб падрыхтавацца да гэтага сезона. Улічваючы, што гэта гадавіна пратэстаў у Беларусі, таксама мажлівасць падвесці нейкія вынікі таго перыяду, і запланаваць агульныя дзеянні на наступны перыяд. Звычайна канферэнцыя становіцца знакавым месцам для прыняцця рашэнняў. Мы памятаем, што на першай канферэнцыі было аб’яўлена аб стварэнні АПКБ. Другая канферэнцыя азнаменавалася прыняццем Дэкларацыі, важнейшае палажэнне якой – аб уступленні Беларусі ў ЕЗ. Паглядзім, што гэтая канферэнцыя будзе рыхтаваць. Мэта – супольныя дзеянні, агульная стратэгія напярэдадні 2025 года.

РР: Канферэнцыя – гэта сустрэча сяброў-аднадумцаў, з якімі можна паразмаўляць і падыскутаваць, ці важная палітычная падзея для беларускага апазіцыйнага поля?

Віталь Малчанаў: Па-першае, гэта важная палітычная падзея для беларускага дэмакратычнага руху. У гэтым годзе, я так разумею, будзе прынятая Дэкларацыя, будзе агучана, што мы будзем рабіць у наступным годзе і ў наступных гадах. Увесь дэмакратычны рух, такі як Каардынацыйная рада, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай, дзясяткі і сотні ініцыятыў, яны таксама будуць уключаны ў гэтае рашэнне, якое будзе прынята на Канферэнцыі.

РР: Якая роля ў гэтым дыяспар? Падаецца, што зараз роля дыяспар першая ў дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў.

Віталь Малчанаў: На жаль, унутры Беларусі мы шмат працуем, але краіна зачынена для нас. Бо ўсе мы “экстрэмісты”. У нас ёсць асобная дыяспаральная кнферэнцыя, на якой вырашаем, што рабіць у наступным годзе. І гэта палітычная канферэнцыя. Я, напрыклад, працую для дыяспар Латвіі і Эстоніі. Але нашая барацьба ідзе не толькі на палітычным роўні, але і на чалавечым.

РР: Ці прыслухоўваюцца палітыкі да дыяспар?

Аляксандра Мамаева: Зараз актыўная палітыка перамясцілася за межы Беларусі. Я ўпэўнена, што ў Беларусі таксама шмат чаго адбываецца, але не публічна. І роля дыяспараў таксама ў тым, каб падтрымліваць гэтую сувязь, каб не было разрыву паміж беларусамі, якія выехалі, і тымі, хто застаўся. Таксама для мяне роля дыяспараў – быць падрыхтаванымі да любых выклікаў, якія могуць нас чакаць.

Прадстаўнікі беларускіх дыяспар гэтыя пытанні плануюць закрануць у рамках канферэнцыі «Новая Беларусь», якая, нагадаем, пройдзе сёлета ў Вільні 3 і 4 жніўня. 

 Працяг дыскусіі слухайце ў праграме “Месца для прэсы”:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя