Толькі мы наздзіўляліся, а шмат хто і пасмяяўся, з інфармацыі пра заклееныя ізалентай ці скотчам англамоўныя надпісы на ўсіх табло менскага Цантральнага вакзала, як сітуацыя вакол ангельскай мовы ў Беларусі сталася яшчэ больш дзівоснай. Цяпер у школах з’явілася пару спецкласаў, дзе дзяцей будуць рыхтаваць «дапытваць палонных».
Кожны раз, калі мы глядзім на чарговыя выкрутасы лукашэнкаўскіх ідэолагаў, мы мусім сыходзіць мінімум з дзвюх опцыяў. Першы мэсэдж, які мы – вонкавыя назіральнікі – часцей не счытваем, гэты мэсэдж ідзе Лукашэнку.
Што б ні прыдумлялі ідэолагі, іх самакантроль мае назву «Лукашэнка». Гэты чалавек – галоўны спажывец прадукцыі. Калі мы чытаем смешнаватую на першы погляд навіну пра школьнікаў, якіх будуць вучыць дапытваць палонных, мы ж не ўлічваем, што там камбінуе сабе Лукашэнка.
Дазволю сабе выказаць здагадку, што перад намі працяг «ачкаўціральніцтва» пад назвай «продаж Крамлю канцэпцыі абароны беларусамі Расеі».
Лукашэнку ўвесь час трэба даводзіць сабе і Крамлю сэнсоўнасць, практычную карысць свайго – лукашэнкаўскага – існавання.
Хто каго ў названай камбінацыі падманвае? Загадка для аматараў гульняў кшталту «Што? Дзе? Калі?» Я маю на ўвазе тое, што наўрад ці ў Крамлі такія ўжо наіўныя людзі, якія не бачаць сакрэты палішынеля ад Лукашэнкі.
Так усе цікаўныя дзівіліся як Пуцін трывае выкрутасы Лукашэнкі ва ўнутранай палітыцы з Расеяй. А 24 лютага 2022 года ўсё стала на свае месцы. Расея не пытаючыся дазволу, прайшла праз тэрыторыю, падкантрольную Лукашэнку, ва Украіну.
Якіх палонных ва ўяўленні Лукашэнкі будуць дапытваць вайсковыя перакладчыкі ў калабаранцкай з Расеяй форме лукашэнкаўскіх войскаў?
NATO раптам, ні з поля ні з лесу, нападзе на Беларусь? Выглядае абсурдам, бо NATO можа атакаваць Расею з іншых кірункаў.
А можа навучаны вопытам 2022 года Лукашэнка разумее, што ў Крамлі могуць і чарговы раз не пытацца дазволу? Напрыклад, на атаку з тэрыторыі Беларусі на адну ці некалькі краінаў NATO.
Тым часам ці не кожны дзень рознага кшталту генералы рапартуюць, што Беларусь ператвараецца ва ўсё больш умацаваную тэрыторыю.
Мяркую, што калі Беларусь будзе ўцягнутая ў баявыя дзеянні супраць краінаў NATO, то для допыту лукашэнкаўскіх генералаў перакладчыкі не спатрэбяцца.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя