Каторыя суткі працягваюцца пратэсты ў гарадах Грузіі, на вуліцы выходзяць тысячы і тысячы людзей. У бліжэйшыя дні вырашаецца лёс краіны, ці захавае яна еўрапейскі выбар і напрамак развіцця, ці прадоўжыць дрэйф у бок Расеі.

Перад кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі паўстаюць непрыемныя, калі не сказаць трагічныя перспектывы. З-пад іх уплыву выпадае цэлы каўказскі рэгіён. І гэта не першая страта. У пачатку стагоддзя набраў моц, спачатку эканамічную, а потым і палітычную, Азербайджан. Прэзідэнты Аліевы, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя рычагі, выбудоўваюць самастойную стратэгію і планамерна яе рэалізуюць.
Пасля апошняй вайны ў Нагорным Карабаху адваліўся яшчэ адзін саюзнік – Арменія. Краіна доўга была саюзнікам Расеі, саюзнікам верным, надзейным, які заўсёды падтрымліваў усе яе ініцыятывы на ўсіх міжнародным пляцоўках. Галоўнай асновай вернасці была ўпэўненасць, што Расея, найперш праз сваю ваенную базу ў Гюмры, у выпадку наступлення Азербайджана акажа ўсю належную падтрымку і абароніць Арменію. І што ў выніку? Нагорны Карабах цалкам перайшоў пад кантроль Баку, расейскія вайскоўцы падчас апошняга канфлікту і не думалі выходзіць са сваіх месцаў дыслакацыі. А якія славесныя баталіі адбываліся на розных самітах паміж Пуцным і прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам!
Пасля вайны жніўня 2008 года адносіны паміж Расеяй і Грузіяй разваліліся ўшчэнт. У дадатак паўночная суседка ўводзіла забароны на імпарт грузінскіх вінаў і мінеральнай вады – аднаго з галоўных артыкулаў экспарту. Напружаныя адносіны яшчэ больш падаграваліся асабістай непрыязнасцю паміж тагачаснымі кіраўнікамі: Уладзімірам Пуціным і Міхеілам Саакашвілі. Пасля адыходу ад улады апошняга расейскае кіраўніцтва прыклала шмат намаганняў, затраціла неймаверныя аб’ёмы рэсурсаў і часу, каб зноў вярнуць такі важны рэгіён, як Грузія, у сваю арбіту. І дабілася значных поспехаў. Быў знойдзены алігарх грузінскага паходжання Бідзіна Іванішвілі, фінансавыя інтарэсы якога цалкам завязаныя на Расею, створана партыя Грузінская мара, якая не проста прайшла ў парламент, а стала кіруючай. Склалася ўражанне, што краіна змірылася з паражэннем у вайне 2008 года і анексіяй часткі сваіх тэрыторый.
І тут паўстала пагроза, што Расея будзе выкінута з Каўказа.
Аднак, ці змірыцца расійскае кіраўніцтва з неспрыяльным для сябе ходам падзей? Ці дазволіць апазіцыйным сілам выбраць новы для рэспублікі курс? І самае галоўнае – ці мае Расея дастаткова сіл для адстойвання сваіх інтарэсаў?
Мяркую, што вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ні ў якім разе не можа дазволіць сабе з’яўленне яшчэ аднаго па-антырасейску настроенага рэгіёна, не можа дапусціць яшчэ аднаго прыклада непакорнасці і зробіць усё магчымае і немагчымае. Верагодна не спыніцца перад спакусай прымянення войскаў, маючы на ўвазе паўтарэння поспеху жніўня 2008 года.
Хтосьці можа рэзонна заўважыць, што Расея не мае ў дастатковай колькасці войскаў для яшчэ адной ваеннай аперацыі, што найбольш баяздольныя фармаванні задзейнічаны ва Украіне. Аднак заўважу, што быў гістарычны прыклад, калі ў аналагічных умовах Савецкі Саюз правёў паспяховую аперацыю. У канцы жніўня-пачатку верасня 1941 года, калі на савецка-германскім фронце чырвоная армія цярпела сакрушальныя паражэнні, калі былі забіты і захоплены ў палон мільёны салдатаў і афіцэраў, страчаны тысячы танкаў, гармат і самалётаў, савецкія ўзброеныя сілы правялі надзвычай паспяховую аперацыю ў Іране, у выніку чаго была захоплена палова краіны (другую палову акупавала саюзная СССР на той час Вялікабрытанія). Акупацыя доўжылася да 1946 года.
Таксама варта памятаць, што ў жніўні 2020 года расейскае кіраўніцтва сфармавала вайсковы рэзерв, які за лічаныя дні мог быць перакінуты ў Беларусь з задачай дапамагаць Аляксандру Лукашэнку або дзейнічаць нейкім іншым чынам. Галоўная мэта – захаваць Беларусь у сферы інтарэсаў Расеі.
Думаю, што ў кабінетах Генеральнага штаба расейскай арміі ўжо падрыхтаваны адпаведныя планы, вызначаны сілы, нават надрукаваны карты мяркуемых раёнаў вядзення баявых дзеянняў. Некалькі дывізій для ўварвання знойдуцца. Да таго ж, надзвычай своечасова выводзяцца расейскія войскі з Сірыі, іх можна таксама задзейнічаць.
Рэальнай перашкодай агрэсіўным планам можа стаць палітычная воля вышэйшага кіраўніцтва Грузіі, рашучасць і гатовасць Узброеных сіл краіны, згуртаванасць грамадства. Ну і не варта забывацца на такога важнага міжнароднага гульца, як Турцыя, якая мае карэнныя інтарэсы ў рэгіёне.
Рыгор Скамарох
Калаж з адкрытых крыніц інтэрнэта