У сталіцы Літвы Вільні 21 лістапада каля Сейма і Нацыянальнай бібліятэкі прайшоў мітынг пад такой назвай. Яго арганізавалі дзеячы культуры, якія патрабавалі не пускаць прадстаўнікоў правапапулісцкай партыі „Зара Нёмана“ у Мінкультуры. На акцыю сабралася каля 5000 чалавек.

Прадстаўнікі культуры выказвалі свае сумневы ў здольнасці ўлады абараніць не толькі Міністэрства культуры, але і іншыя важныя ведамствы і дэмакратычныя працэсы. Яны крытыкавалі і дзеянні прэзідэнта Гітанаса Наўседы.

На мітынг прыйшлі прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку і фермеры, некаторыя з іх прыехалі ў сталіцу на трактарах, на іх віселі плакаты ў падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў, культуры, а таксама сельскіх рэгіёнаў.

Падобныя мітынгі і акцыі часта адбываюцца ў Вільні, мінулыя разы літоўцы выступілі супраць новапрызначанага міністра культуры, які паводзіў сябе не зусім культурна. Гэта была вельмі масавая акцыя, адгалоскі якой гучаць і да гэтай пары, а налепкі, якія асацыююцца з ёй, вісяць і зараз на шматлікіх установах культуры. У выніку гэтай акцыі міністр культуры пакінуў сваю пасаду. Не так даўно забастоўку ладзілі і настаўнікі, цяпер кіраўніцтва краіны абяцае павялічыць ім заробкі з 1 студзеня наступнага года. Заробкі настаўнікаў могуць павялічыцца на 8,41%, уключаючы павышэнне базавага памеру заробку.

У Літве на мітынгу “Якую дзяржаву мы хочам?” гучалі словы любові да сваёй краіны, культуры і людзей і да падтрымкі каштоўнасцяў дэмакратыі, таксама выказвалася незадаволенасць расейскім уплывам. У канцы мітынгу прысутныя скандавалі «дзякуй», адбылося музычнае выступленне музыкаў, ім акампанавалі гукавымі сігналамі трактары.

Літоўскі народ можа смела выказваць сваё меркаванні, арганізоўваць розныя мітынгі і акцыі пратэсту, крытыкаваць уладу, нават мяняць міністраў. І за гэта іх не штрафуюць, не збіваюць і не садзяць у турмы. Бо ў краіне дэмакратыя і дзейнічаюць законы. Беларусам пра гэта даводзіцца пакуль толькі марыць.








Беларускае Радыё Рацыя





