У Музеі Памяці Сібіры ў Беластоку прайшла адкрытая лекцыя Яна Рачынскага пад назвай «Спісы смяротнікаў» Сталіна ў сістэме савецкага дзяржаўнага тэрору». Ян Рачынскі ў 2022 годзе прадстаўляў расейскі «Мемарыял» на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, прысуджанай гэтай арганізацыі сумесна з «Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў» з Украіны і беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які працягвае знаходзіцца ў зняволенні.
Пагутарылі са старшынём Праўлення Міжнароднага Мемарыяла Янам Рачынскім пра тое, для чаго варта ведаць і гаварыць пра гісторыю рэпрэсій і ахвяраў; ці маецца ідэальны сродак для вызвалення палітвязняў і што варта ведаць пра іх становішча ў Беларусі.
РР: У нас у Беларусі існаванне такога Музею Памяці Сібіры цяжка ўявіць, як, напэўна, і існаванне такога музею, як у Вільні, які быў створаны ў сценах былога будынка КДБ. Ці маюцца ў вас у Расеі музеі, падобныя да Музею Памяці Сібіры, якія працуюць з тэмамі рэпрэсій?
Ян Рачынскі: У Расеі ёсць некалькі музеяў, прысвечаных гэтай тэме. Музея ссылкі як такога няма. Ёсць раздзелы, прысвечаныя ссылцы. Такія музеі патрэбныя, таму што Расея пацярпела не менш за любую іншую савецкую рэспубліку, і больш чым краіны Усходняй Еўропы, якім, на шчасце, не давялося перажыць Вялікі тэрор і калектывізацыю. Памятаць пра гэта трэба і ёсць запыт у многіх. Шмат людзей прыходзяць да нас і хочуць даведацца пра лёс родных, зразумець, што гэта было. Немагчыма, каб яны ўсе прыязджалі ў Маскву ў Музей ГУЛАГа ці ў Томск ў музей турмы. Гэтых музеяў зусім мала па Расеі. Трэба нашмат больш.
РР: Для нас Вы застанецеся ў гісторыі як адзін з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. І Вы яе атрымлівалі разам з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і ўкраінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў”. Раскажыце пра Вашыя ўражанні, калі Вы атрымлівалі прэмію. І зараз, ці ёсць настрой надалей займацца гэтай справай і ці ёсць увогуле для гэтага ўмовы?
Ян Рачынскі: Ва ўмовах вайны памяняць трэба перш за ўсё, каб вайны не было. Гэта галоўнае, што трэба памяняць. А адчуванне ад атрымання прэміі разам з украінскімі калегамі і Алесем Бяляцкім – гэта ў той жа дзень, як толькі мы даведаліся, я сказаў, што гэта прызнанне таго, што грамадзянская супольнасць вышэй за дзяржаўныя межы. Гэта падкрэслівае менавіта важнасць агульных каштоўнасцей, а не асобных, нацыянальных. Не бывае нацыянальных правоў чалавека, а правы чалавека непадзельныя. І, канешне, гэта было ганарова, атрымаць і раздзяліць прэмію разам з Алесем Бяляцкім, які, безумоўна, гераічны чалавек, і з украінскімі калегамі, з якімі мы ўжо шмат гадоў супрацоўнічаем.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя