Да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай вайны ва Украіне каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро Медыя» выпусціла расследаванне пад назвай «Як Лукашэнка дапамагае Пуціну ваяваць супраць Украіны».

Наш сённяшні госць — журналіст Аляксандр Ярашэвіч, аўтар гэтага расследавання, распавядае, як беларускія прадпрыемствы забяспечваюць расейскую армію абсталяваннем і кампанентамі. Паводле яго даследавання, больш за 3000 прадпрыемстваў Беларусі пастаўляюць прадукцыю і паслугі для вайсковых патрэб Крамля, што забяспечвае сотні мільёнаў даляраў экспарту.
РР: Раскажыце пра вашую каманду «Бюро Медыя». Для чаго яна паўстала? Мы раней бачылі расследаванні і Байпол, і Белпол, якія такама тычыліся злоўжыванняў рэжыма Лукашэнкі. То якая місія вашай каманды?
Аляксандр Ярашэвіч: Бюро паўстала напрыканцы 2023 года. Я стварыў яго разам са сваімі калегамі. Мы раней працавалі ў Беларускім расследвальным цэнтры. Але адтуль сышлі і вось думалі, што рабіць далей, і адзін з варыянтаў быў стварыць яшчэ адзін расследацыйны цэнтр, і мы яго стварылі. Нам ужо больш за два гады. Мы займаемся расследаваннем на розную тэматыку, у тым ліку па атачэнні Лукашэнкі, пра іх сакрэтныя бізнэсы, пра абыход санкцый і ў тым ліку пра вайну ва Украіне, менавіта як Беларусь удзельнічае ў гэтай вайне, я маю на ўвазе рэжым Беларусі, альбо беларускія бізнесоўцы, пасярэднікі і г.д.
РР: Гучаць розныя ацэнкі, насцярожаныя і не вельмі, наконт удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Усё ж такі як выглядае зараз удзел Беларусі ў вайне Расеі ва Украіне?
Аляксандр Ярашэвіч: Беларускі рэжым – гэта дакладна саўдзельнік. Дзякуй боку, Беларусь напрамую не ўдзельнічае ў гэтай вайне. Але, што мы бачым, напачатку вайны з беларускай тэрыторыі ажыццяўлялася агрэсія, адтуль заязджала тэхніка, ішла атака на Кіеў, ляцелі ракеты і г.д. У Беларусі лячылі параненых расейскіх салдат. У Беларусі вучылі мабілізаваных.
Зараз функцыя беларускага рэжыму ў гэтай вайне змянілася. Практычна ўся беларуская абаронная прамысловасць, а таксама асобныя дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы цалкам працуюць на расейскі ваенна-прамысловы комплекс, задавальняюць ягоныя патрэбы. Нядаўна Уладзімір Зяленскі называў лічбу колькі такіх прадпрыемстваў удзельнічае, то бок, дапамагае ваеннай машыне Расеі, – гэта больш за 3000 прадпрыемстваў. Так што гэта вельмі валізная лічба насамрэч. Не адна дзяржава так не дапамагае Расеі.
РР: Пару словаў пра крыніцы інфармацыі вашай нялёгкай працы. Ці ўдаецца збіраць звесткі з самой Беларусі?
Аляксандр Ярашэвіч: Трэба збіраць інфармацыю па крупіцах, таму што пасля ўвядзення санкцый і ў 2020 годзе, і 2021 годзе, і пасля пачатку вайны беларускія ўлады хаваюць розныя дадзеныя, немагчыма знайсці дадзеныя пра знешні гандаль, немагчыма знайсці дадзеныя пра ўласнікаў некаторых кампаній, якія звязаныя з сям’ёй Лукашэнкі. Таму мы збіраем гэтую інфармацыю па крупіцах з розных крыніцаў. Нейкаую інфармацыю дасылаюць інсайдары, нейкую інфармацыю мы атрымліваем праз сваіх калег, напрыклад, у сваім расследаванні мы выкарыстоўваем мытныя дадзеныя пра пастаўкі прадукцыі з Беларусі ў Расею. Таксама мы карыстаемся дадзенымі, якія атрымаў Белпол са сваіх крыніц, напрыклад, пра аб’ёмы гандлю вайскова-прамысловага комплексу, і там размова ідзе пра лічбу больш за мільярд даляраў за 2024 год.
Таксама мы звярнуліся па каментар да галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, якое ўзначальваў да нядаўняга часу ўсім вядомы Кірыл Буданаў, і нам даслалі ліст з 19-ці беларускіх прадпрыемстваў, дзе пазаначана, якім чынам гэтыя прадпрыемствы абслугоўваюць расейска-прамысловы комплекс. Ну а на падставе мытных дадзеных мы таксама высветлілі, якія менавіта беларускія прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу і якім чынам і што менавіта пастаўляюць у Расею і як гэта потым выкарыстоўваецца ў вайне.
Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Аляксандра Ярашэвіча.






