Былі часы, калі Еўрапейская камісія праводзіла штогадовыя кансультацыі па знешняй дапамозе Беларусі з афіцыйным Менскам. Але пасля 2020 года Еўропа вядзе такі дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні.
А таму сёлета Каардынацыйная рада абвесціла збор патрэбаў Беларусі ад грамадскіх актывістаў і арганізацый. Кажа сябар Каардынацыйнай рады, кіраўнік рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Яраслаў Бекіш:
– Гэта ўжо трэці этап: гэтыя дакументы абнаўляюцца кожны год. Гэта была прапанова Еўрапейскага звязу. Ім патрэбна аналітыка таго якія патрабаванні ёсць у грамадскай супольнасці, незалежных медыяў, беларускага бізнесу, іншых сектараў. Контрпартнёры гэта не толькі Еўракамісія, гэта перш за ўсё краіны, што ўваходзяць у склад ЕЗ. Ім трэба разумець, чаго чакаюць беларусы чакаюць перш за ўсё ад сябе, якая падтрымка нам патрэбная, што ў прыярытэце, а што не, колькі гэта будзе каштаваць у наступныя 2-5 гадоў, далёка ніхто не глядзіць.
Па словах Яраслава Бекіша, вынікі збору ацэнак патрэбаў Беларусі будуць прадстаўлены Каардынацыйнай радай увесну 2024 у Бруселі на сустрэчы з прадстаўнікамі краін ЕЗ і Еўрапейскай камісіі. Прапанаваныя беларускай супольнасцю ацэнкі патрэбаў будуць таксама ўлічаны краінамі-донарамі і інстытутамі ЕЗ пры знешняй дапамозе на 2025 год.
Беларускае Радыё Рацыя