У Кіеве адбылася прэзентацыя даследавання „Ваенная прапаганда рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы і NATO: небяспечнае распальванне нянавісці (травень — лістапад 2024)“. Арганізатарам выступіла «Украінская прызма», якая такім чынам працягнула цыкл мерапрыемстваў «Беларускай платформы», прысвечаных аналізу сітуацыі ў Беларусі і вакол яе. На прэзентацыі сабраліся эксперты, прадстаўнікі замежных дыпламатычных устаноў і актывісты беларускіх дэмакратычных сілаў.

Мадэратарам мерапрыемства выступіў кандыдат гістарычных навук, дырэктар Праграмы расейскіх і беларускіх даследаванняў ГА „Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма»“ Яраслаў Чарнагор, які і распавёў пра асноўныя вынікі даследвання:
— Ува ўкраінскім аналітычным цэнтры “Прызма” адбылася прэзентацыя даследавання, прысвечанага ваеннай прапагандзе рэжыму Лукашэнкі. Нашы партнёры з сеткі iSense правялі маніторынг беларускіх лукашэнкаўскіх інфармацыйных рэсурсаў на працягу паўгода і выявілі асноўныя прапагандысцкія лініі: антыпольскую, антынатаўскую. Ну і, натуральна, знайшлося месца і для негатыўнага адлюстравання сітуацыі ва Украіне.
РР: Якія асноўныя трэнды вы б адзначылі? Наколькі гэта мэтанакіравана робіць Лукашэнка, і ці не пішуць гэтыя тэксты ў Крамлі, а ён іх проста транслюе і выконвае?
— Вядома, і гэта адзначаюць даследнікі, што пасля 2020 года Лукашэнка і яго рэжым усё мацней збліжаюцца з расейскім рэжымам Пуціна. Цяпер бачна шмат агульных рысаў паміж расейскай і лукашэнкаўскай прапагандамі, у тым ліку дэманізацыя Захаду, негатыўнае адлюстраванне НАТА як агрэсіўнага блоку і цэлы шэраг іншых негатыўных аспектаў. Негатыўна адлюстроўваюцца Польшча, польскае кіраўніцтва, польскія ўзброеныя сілы, а таксама беларускія добраахвотнікі. Акрамя гэтага, негатыўна паказваюцца ўкраінскія ўцекачы, якія бягуць ад ваенных дзеянняў ва Украіне, у тым ліку на тэрыторыю Польшчы і ўвогуле па ўсёй Еўропе. Па сутнасці, можна сказаць, што лукашэнкаўская прапаганда стала часткай расейскай прапаганды.
РР: На гэты момант, наколькі гэтая прапаганда ўспрымаецца ва Украіне? Бо стасункі з Беларуссю, як вядома, у замарожаным стане. Нягледзячы на тое, што ўкраінская амбасада ў Беларусі яшчэ функцыянуе, ці варта чакаць ад Украіны нейкіх адказаў ці рэакцый на гэтае прапагандысцкае напружанне, якое ёсць часткай мэтаў расейскай вайны ва Украіне?
— Падчас прэзентацыі і абмеркавання даследавання было адзначана, што лукашэнкаўская прапаганда арыентавана пераважна на ўнутранага спажыўца. Гэта робіцца мэтанакіравана, каб беларусы ўнутры краіны былі негатыўна настроеныя супраць краін НАТА, Польшчы, Літвы і Украіны. Гэтак рэжым імкнецца максімальна сканцэнтраваць падтрымку Лукашэнкі. Я думаю, гэта асабліва актуальна для яго напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў, якія ён плануе правесці ў студзені. Лукашэнка спрабуе прадставіць сябе гарантам бяспекі, у той час як увесь свет, асабліва Украіна, ёсць небяспечным месцам, і нібыта беларусам не варта паўтараць украінскі досвед.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З “Госцем Рацыі”, дырэктарам Праграмы расейскіх і беларускіх даследаванняў ГА «Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраславам Чарнагорам, камунікавала Вольга Сямашка.


Здымкі з архіва Яраслава Чарнагора.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






