Цэнтр «Украінская прызма» нядаўна прадставіў маштабнае аналітычнае даследаванне пад назвай «Саюзнікі: супрацоўніцтва паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь у ваеннай сферы». У ім экспертна разгледжана, наколькі глыбокае і сістэмнае стала ваеннае партнёрства паміж Менскам і Масквой, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

Наш сённяшні «Госць Рацыя» — адзін з аўтараў гэтага дакумента, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Праграмы расейскіх і беларускіх даследаванняў аналітычнага цэнтра “Украінская прызма” Яраслаў Чарнагор.
Пагаворым пра тое, якое месца Беларусь займае ў ваенных планах Крамля, што азначае “інтэграцыя ВПК”, ці ёсць у Беларусі магчымасць адасобіцца ад расейскай стратэгіі і крыху пра сцэнары далейшай вайны ва Украіне.
РР: Раскажыце пра асноўныя высновы даследавання «Саюзнікі: супрацоўніцтва паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь у ваеннай сферы» наконт матывацыі рэжыму Беларусі ўдзельнічаць у ваеннай інтэграцыі з РФ?
Яраслаў Чарнагор: Супраца паміж РФ і Рэспублікай Беларусь на чале з рэжымам Лукашэнкі знаходзіцца на высокім роўні, па-сутнасці ВПК Беларусі інтэграваны ў расейскую сістэму забеспячэння войскаў, і таксама пастаянна праходзяць вучэнні. І ўсё гэта адбываецца на базе, якая існуе ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы.
РР: Па вашым меркаванні, наколькі Беларусь захоўвае сваю незалежнасць у межах супрацы з Расеяй? Усё ж такі гэта актыўны саюзнік ці пасіўны?
Яраслаў Чарнагор: Супраца ў рамках ВПК мае сваю спецыфіку. Беларусь проста закрывае пэўныя кірункі, якія патрэбныя для Расеі, і робіцца гэта з выгадаю для рэжыму.
РР: Восенню чакаюцца вучэнні “Захад-2025” у Беларусі. Кажуць, каб пазбегнуць нярвовасці, пераносяць дыслакацыю войскаў з заходняй часткі ў цэнтральную частку Беларусі. Як ва Украіне ўвогуле ставяцца да гэтых вучэнняў і да дыслакацыі?
Яраслаў Чарнагор: Чакаем, што гэта можа быць як мінімум пэўны характар не прамых пагроз, а гібрыдных. Нават мажліва і прамых. Украіна і так вядзе вайну супраць Расеі, і нам не пажадана адкрыццё новага напрамку баёў. Украіна пакуль назірае.
З “Госцем Рацыі”, кандыдатам гістарычных навук, дырэктарам Праграмы расейскіх і беларускіх даследаванняў аналітычнага цэнтра “Украінская прызма” Яраславам Чарнагорам, размаўляла Вольга Сямашка.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






