З абразлівымі выказваннямі ў адрас кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланы Ціханоўскай, якая стала пасля дэмакратычным лідарам, выступіла экс-старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падчас сустрэчы ў рамках “Інфармацыйна-асветніцкага праекта “Адкрытае веданне” ў Менску.

На яе думку, кандыдат у прэзідэнты павінен быць прафесіяналам, “чалавекам з добрай адукацыяй, высокім інтэлектам і, вядома ж, адказнасцю”. Не згадваючы Ціханоўскую па імені, Ярмошына адзначыла: “Магу адразу ж сказаць і перасцерагчы: не трэба ісці за ілжывымі героямі, за тымі… Вось разумееце, тут прыводзілі прыклад кандыдаткі ў прэзідэнты 20-га года. Бачыла людзей, якія рыдалі, наконт хатняй гаспадыні, прымітыўнай жанчыны, якая, ну, з’яўляецца зусім непадрыхтаванай” (цытата дадзена ў арыгінале па відэатрансляцыі агенцтва “Мінск-Навіны”).
“Яе нават у Цэнтральную камісію на ўзроўні спецыяліста не ўзяла, таму што гэта чалавек абсалютна негатовы”, — сказала Ярмошына.
Пры гэтым Ярмошына заявіла, што ЦВК “ацэньвае толькі фармальныя якасці кандыдата: наколькі ён адпавядае тым патрабаванням, якія прад’яўляе Канстытуцыя, а не тое, наколькі ён добры і разумны”.
Яна заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства, большасць якіх – студэнты ВНУ, не ісці за “ілжывымі ідаламі”, таму што ў адваротным выпадку іх жыццё будзе “зламанае”.
Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.
Папярэднія прайшлі 9 жніўня 2020 года.
Святлана Ціханоўская, з’яўляючыся адным з пяці кандыдатаў, афіцыйна набрала 10% галасоў, Аляксандру Лукашэнку прыпісана 80%.
Многія прыхільнікі перамен дэ-факта лічаць Ціханаўскую пераможцам.
Беларускае Радыё Рацыя






