Былая старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына разам з прапагандыстамі наведала мястэчка Мікашэвічы на Берасцейшчыне і расказала, што падзеі 2020 года яе «моцна надламілі».

Ярмошына выказала думку, што да 2020 года насельніцтва Беларусі і апазіцыя выконвалі «правілы гульні» і прывяла ў гэтым кантэксце прэзідэнцкія выбары 2010 года.
«Вельмі люблю выбары 2010 года. Яны былі вельмі сонечныя, лёгкія і простыя. Яны былі вельмі дэмакратычнымі. Зарэгістравалі 10 кандыдатаў ад апазіцыі. Дазвалялі практычна ўсё. Назіральнікаў было вельмі шмат. Гэтыя выбары былі б прызнаныя міжнароднай супольнасцю як еўрапейскія. Але ўсе разумелі, што пераможа Лукашэнка. Таму за 3 дні, каб сарваць прызнанне, была арганізаваная тая самая „Плошча“, калі сагналі людзей да будынка парламента, дзе размяшчаецца ЦВК», — сказала былая кіраўніца ЦВК.
Пасля выбараў 2010 года ў Беларусі арыштавалі амаль 700 чалавек, а пяцёра кандыдатаў былі асуджаныя па крымінальных справах. Нягледзячы на гэта, Ярмошына заявіла, што людзі ў Беларусі заўсёды з ухваленнем ставіліся да выбараў і чальцоў выбарчых камісій, пакуль іх «не абалванілі» ў 2020 годзе.
«2020 год мяне надламіў. Шмат у чым ён падарваў упэўненасць у сабе. Задаволеная толькі тым, што, магчыма, уратавала краіну ад грамадзянскай вайны. Прынамсі, гэтаму я спрыяла», — сказала Лідзія Ярмошына.
ЦВК Беларусі Ярмошына ўзначальвала 25 гадоў. Ніводная з выбарчых кампаній, якія яна ладзіла, не была прызнана міжнароднай супольнасцю свабоднымі і дэмакратычнымі.






