BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Караулаў: Палітыкай я зацікавіўся яшчэ ў 2017 годзе

Чаму беларуская моладзь ідзе на выбары ў Каардынацыйную Раду? Як яна перажывае канкурэнцыю з больш дасведчанымі палітыкамі? У чым бачыць сваю моц?

Пра гэта Госць Рацыі – лідар фракцыі “Моладзевы наступ”, праектны менеджэр у Інстытуце палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Яўген Караулаў – распавёў Марыне Савіцкай.

РР: Чаму вы вырашылі далучыцца да выбараў у Каардынацыйную Раду?

Яўген Караулаў: Я зараз з’яўляюся сябрам Каардынацыйнай Рады другога склікання. Больш таго, мы стварылі «Моладзевы наступ». Гэта была фракцыя самых маладых людзей, а таксама тых, хто займаецца праблемай моладзі.

РР: Што менавіта вас справакавала далучыцца да Каардынацыйнай Рады? Маю на ўвазе Раду другога склікання.

Яўген Караулаў: Палітыкай я зацікавіўся яшчэ ў 2017 годзе, я тады далучыўся да «Гавары праўду» і намагаўся стаць дэпутатам Менскай гарадской рады. Мяне тады не зарэгістравалі. Але ўжо ў 2019 годзе, разам з маімі сябрамі, мы стварылі каманду «Моладзевы блок». Гэта была каманда самых маладых кандыдатаў у дэпутаты. Я быў наймалодшы кандыдат. Але мы ведаем, як праходзяць выбары ў Беларусі, таму ніхто з нас не перамог. Але мы працягнулі тады працаваць.

Потым, у 2020 годзе, я быў у камандзе Андрэя Дзмітрыева, кандыдата ў прэзідэнты. Дапамагаў яму з сацыяльнымі сеткамі. Удзельнічаў, канешне, у пратэстах. Я не лічу сябе героем, таму я намагаўся неяк бюракратычна перамагчы гэтую сістэму. Потым я падаваў у суд. У нас тады памёр дэпутат Палаты прадстаўнікоў і я патрабаваў ад ЦВК, каб яны правялі выбары. Я дайшоў да Вярхоўнага суду, але яны выбары так і не правялі.

Я таксама кіраваў Менскай гарадской арганізацыяй «Гавары праўду». Мы паспелі правесці толькі з’езд і акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў.

Потым я быў вымушаны выехаць. Я скончыў ЕГУ, магістратуру «Публічную палітыку». І пачаў працаваць з Андрэем Казакевічам з Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера». Мы ладзім розныя даследаванні і праводзім экспертныя форумы, канферэнцыі. І вось у 2022 годзе, калі я даведаўся, што адбудзецца рэформа Каардынацыйнай рады, Інстытут палітычных даследаванняў мяне дэлегаваў туды. Там я далучыўся да моладзевай фракцыі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя