Ужо 30 год у Беларусі існуе дыктатарскі рэжым, і сёлета або ў наступным годзе ён можа працягнуцца яшчэ на пяцігадовы тэрмін. Нягледзячы на гэта, 2020 год усё ж такі паказаў масавую кансалідацыю беларусаў у барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі. Тыя часы хтосьці называе паразай, а некаторыя наадварот – перамогай.

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін лічыць, што тады беларусы адназначна не прайгралі і працягваюць перамагаць.
– Нас чакаюць яшчэ вялікія выпрабаванні і галоўнае, каб мы вытрымалі гэта ўсё. Бо прайграем мы толькі тады, калі мы апусцім рукі, скажам “усё, мы прайгралі, дыктатура мацнейшая, гэта назаўжды, калі Лукашэнка раптам памрэ, то будзе наступны Лукашэнка”. Я як гісторык магу сказаць, што такога не бывае, усе дыктатуры і імперыі калі-небудзь завяршаліся.
На думку Яўгена Красуліна, рэжым не працягне дзесяцігоддзе, тым больш дзесяцігоддзі, нават з падтрымкай Расеі:
– Рэсурсы ўсё ж такі вельмі такія розныя, і той бок, у якога меней рэсурсаў, яго цягне вырашыць як мага хутчэй гэтую праблему ці заваяваць перадышку. Вось калі даць перадышку, год пяць будзе гэтая перадышка, а пасля ўсё пачнецца з больш драматычнымі наступствамі, там могуць уступіць у гульню і больш моцныя гульцы. Калі не даць перадышку, то гэта можа ўсё вырашыцца хутка, можа год-два яшчэ. На 2024 год ніхто і не глядзеў, а вось 2025 выклікае больш чаканняў.
Але, як зазначае Яўген Красулін, без вялікага канфлікту з цяперашняй сітуацыі цяжка выкараскацца, надта шмат у чалавецтва назапасілася агрэсіі, мары пра вайну, да таго знікла памяць пра вайну. І вось гэтая вера, што зброяй можна вырашыць усё, усе праблемы, пачынае панаваць у людзях, якія, падаецца, да гэтага раней не былі схільнымі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zbsb.info






