BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Меркіс: Лічу, палітвязням трэба быць максімальна публічнымі

Пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл разлічвае, што да канца года ўдасца вызваліць усіх палітзняволеных у Беларусі. Ці сапраўды міжнародная салідарнасць дае плён? Ці адчуваецца яна, калі знаходзішся за кратамі? І ці наколькі важна атрымаць статус палітзняволенага, калі асуджаны па палітычных артыкулах? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае журналіст і былы палітзняволены Яўген Меркіс.

Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

РР: Нядаўна выпусцілі 250 палітвязняў і Коўл абяцае, што можа быць увогуле да канца года выпусцяць усіх. Наколькі важная гэта міжнародная салідарнасць і міжнародная падтрымка?

Яўген Меркіс: Трэба прыкладаць усе нашыя намаганні, каб Беларусь па-ранейшаму заставалася ў фокусе, каб пра нас не забываліся, бо часта складаецца такое ўражанне ў замежнікаў, што на фоне пакутаў і праблемаў украінцаў, пытанняў, звязаных з Расеяй, беларускія праблемы нейкія неістотныя. Гэты міф трэба спрабаваць развеяць як мага хутчэй. Таму што тое, што адбываецца ў нашай краіне, адбіваецца на бяспецы ўсёй Еўропы, усяго Еўразвязу. Гэта датычыць самых розных народаў. Гэта мусіць быць важна для іх.

І, канешне, нашая задача спрыяць таму, каб перамены, у якіх могуць трохі дапамагчы і нашы замежныя партнёры, працягваліся, каб гэта ўсё не абмяжоўвалася не толькі вызваленнем гэтых людзей, але каб акрамя сённяшніх палітзняволеных не з’яўляліся новыя. І пасля таго, як усе выйдуць на волю, не было нейкіх далейшых рэпрэсій, каб былі нейкія далейшыя паслабленні.

РР: Часам адвакаты раяць, каб сваякі не паведамлялі праваабронцам пра родных, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных артыкулах, каб не было статуса палітзняволенага. Ці важна ўсё ж такі, каб быў статут палітзняволенага? Але чаму так адвакаты раяць?

Яўген Меркіс: Канешне, гэта важна. Я не магу сказаць, што менавіта ўсім сем’ям палітзняволеных так раюць рабіць. Па маіх назіраннях, часцей самі сем’і баяцца, каб абы чаго не выйшла. А то яго зараз у гэтыя спісы ўключаць, а потым будуць праблемы. Здаецца, куды ўжо горш, ён і так у вас у вязніцы і з ім непачалавечы абыходзяцца. І гэтая сітуацыя адаб’ецца на ўсёй вашай сям’і. Мне здаецца, трэба быць максімальна публічным. Калі пачаліся першыя хвалі вызваленняў, многія хлопцы і з майго атраду, якія не былі ў афіцыйных спісах палітзняволеных, пачалі задавацца пытаннем: а калі мяне вызваляць? А я ім кажу: калі ты не ў спісе палітзняволеных, то да цябе, магчыма, чарга дойдзе сярод апошніх.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя