BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: Без беларускай прасторы мовы, слова і духа не будзе ніякага руху наперад

У Вільні праходзіць канферэнцыя “Новая Беларусь”. Уражаннямі ад падзеі дзеліцца старшыня Беларускага саюза ў Польшчы і старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які зараз знаходзіцца на канферэнцыі.

РР: Які настрой, якая атмасфера, ці ёсць адчуванне, што гэтая сустрэча важная і што можа прынесці вынікі па аб’яднанні белаусаў, па вызначэнні мэтаў, да якіх трэба імкнуцца? Якое асабістае бачанне?

Яўген Вапа: На пачатку нашай размовы зайграла песня Касі Камоцкай “Надта хочацца ў вырай. Мая Белая Лебедзь…” Адразу крыху дрыжыкавата зрабілася, бо ўсе мы, і прысутныя, хочам у той беларускі вырай прыляцець, вярнуцца птушкамі, хочам знайсціся ў той Беларусі. Калі казаць пра першыя два дні канферэнцыі, то трэба сказаць, што на першы план выходзяць дзве тэмы – гэта рэальная дапамога з боку саміх беларусаў. Бярэцца адказнасць за тое, што дзеецца, і ідуць канкрэтныя размовы пра падтрымку самімі беларусамі Палка Каліноўскага і іншых вайсковых падраздзяленняў, якія ваююць на баку Украіны. І другая справа – рабіць намаганні па вызваленні палітвязняў, і дапамога ім і іхным сем’ям. І што для мяне вельмі істотнае, курс на тое, каб тая беларускасць была ў штодзённым жыцці. І гэта займае штораз больш прыхільнікаў і разуменне таго, што без беларускай прасторы мовы, слова і духа далей не будзе ніякага руху наперад.

РР: Была дыскусія пра беларускую ідэнтычнасць. Ці ёсць разуменне таго, што без глыбокай свядомасці, без пачуцця тоеснасці, без мовы, тае Беларусі не будзе?

Яўген Вапа: Ёсць адчуванне. Але ёсць такое разуменне, што калі чалавек апынуўся ў эміграцыі і знаходзіцца з дыяспарай, то ўсё будзе так, як быццам у нармальнай дзяржаве. Я ўзяў слова ў гэтай дыскусіі, дзе прыгадаў, што менавіта Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку мы чакалі амаль 35 гадоў. Гэта сітуацыя, з якой цяжка змірыцца людзям. Тыя, хто з’язджаў і ствараў беларускія арганізацыі і ўстановы пасля І Сусветнай вайны, пасля паразы БНР, то яны добра ведалі першую горыч эміграцыі і стварання аб’яднанняў у значна горшых умовах. І пасля бежанства, і пасля І Сусветнай вайны, тое ж самае і пасля ІІ Сусветнай вайны. І мы мусім гэта ведаць і шанаваць сваю гісторыю і беларускі шлях. Бо нічога не бярэцца з пустога. Ёсць папярэднікі, пра якіх трэба памятаць, ведаць і разумець, калі апынуліся беларусы ў такой сітуацыі, як зараз, у час жорсткага аўтарытарызму і ваеннай сітуацыі.

РР: Трэба ці не трэба дапускаць разрыў паміж эміграцыяй і Беларуссю? Хацелася б больш пачуць пра настрой, бо шмат хто з эмігрантаў разлічваў, што эміграцыя не будзе доўгай, што хутка вернемся. І гэты настрой з кожным днём і месяцам псуецца. Ці гэтая канферэнцыя ўзняла настрой? І ці было сказана, як менавіта не дапусціць да гэтага разрыву, як кантактавацца з тымі, хто застаўся на Бацькаўшчыне?

Яўген Вапа: Гэтая тэма, якая кранае ўсіх да болю. Бо маштаб рэпрэсій закранае не толькі тых, хто з’ехаў, але і тых, хто застаўся. І таму праблема, як зрабіць, каб можна было гэтыя кантакты мець. Ёсць разуменне, што хуткага вяртання не будзе, на жаль. І таму трэба быць псіхалагічна падрыхтаванымі  да такога ходу падзеяў. Таму я лічу, што разуменне таго, што вяртанне і перамога могуць аказацца вельмі доўгімі, для многіх гэта азначае, што свой лёс назаўсёды яны звязваюць з эміграцыяй і трэба ўпісацца ў дыяспару.

РР: Зняверанне ў сваіх сілах прыводзіць да нейкіх разборак, міжусобіц. Ці канферэнцыя збудуе давер беларусаў адзін да аднаго? Ці ёсць такое разуменне, што ў нас ёсць галоўная мэта і што кожны з нас робіць тое, што можа? Гэта быў бы добры вынік.

Яўген Вапа: Мне падаецца, і гэта вельмі важна, што час унутранага скакання і грызні – гэта першая дзіцячая хвароба эміграцыі, яна паціху мінае. І ёсць адчуванне , што ў размовах, дыскусіях можна дасягнуць разумення. Я гэта заўважаю, як мяняецца падыход і разуменне, што нам трэба разам быць доўга і трэба размаўляць і шанаваць адзін аднога. Гэта вельмі пазітыўная частка таго, што мне даводзіцца назіраць гэтыя дні.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя