BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўген Вапа: Гэтая ўзнагарода важная для дэмакратычнай Беларусі

Сёння ў Варшаве была ўручана прэмія «Салідарнасць» імя былога прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы. Сёлета яе атрымаў беларускі палітык Павел Латушка.

Старшыня ўправы Радыё Рацыя Яўген Вапа прысутнічаў на цырымоніі ўручэння прэміі. Паразмаўлялі з ім пра ўражанні ад падзеі.

РР: Гэта істотная, важная прэмія?

Яўген Вапа: Безумоўна. Тое, што зараз адбываецца ў адным з прыгажэйшых будынкаў Варшавы – палацы Рэчы Паспалітай – гэта вельмі істотна для Беларусі. У яе адрас, у адрас ейных памкненняў незалежнасці і дэмакратычнасці, сёння ў асобе Паўла Латушкі, дэмакратычная Беларусь атрымлівае выразную падтрымку, што да каштоўнасцяў і да напрамкаў яе дзейнасці.

Гэта важная ўзнагарода, якая дае пры сённяшнім свеце, поўным хібаў, поўным ваганняў і сумневаў у дэмакратычным свеце Еўропы наконт Беларусі, дае зразумець, што Польшча, у асобе міністра Радаслава Сікорскага, які прадстаўляў асобу кандыдата на гэтую ўзнагароду, бачыць Беларусь як роўную ў сям’і дэмакратычных дзяржаваў у гэтай частцы Еўропы, як незалежную дзяржаву, бо пры сённяшніх тэндэнцыях у свеце, калі маем дачыненне з рознымі падзеламі, тайнымі дамовамі, сферамі геапалітыкі, то часамі людзі зняверваюцца.

Тое, што Павел Латушка атрымлівае менавіта гэтую ўзнагароду, перадача такога сігналу, ёсць доказам, што дэмакратычныя памкненні беларускіх пакаленняў, маюць свае канкрэтныя вынікі. Гэта важна, бо, нагадаю, што ў 2012 годзе ўзнагароду Леха Валенсы атрымаў Алесь Бяляцкі, які зараз знаходзіцца ў турме. Павел Латушка ўзгадаў яго ў сваім выступленні. Тады ўзнагароду ў Гданьску атрымлівала жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, бо Алесь, ведаем, і тады быў у турме.

Дванаццаць гадоў таму Павел Латушка быў яшчэ пры стырнах улады, быў яшчэ ў лагеры ўлады. Але пачуццё незалежнасці, пачуццё каштоўнасцяў беларускай незалежнасці і дэмакратычнасці паставіў вышэй і перайшоў у лагер змагання за дэмакратычную Беларусь, што яму не можа дараваць Аляксандр Лукашэнка.

Таксама варта нагадаць, што ў капітуле прэміі Леха Валенсы шмат гадоў знаходзіўся Станіслаў Шушкевіч, першы старшыня Вярхоўнай Рады незалежнай Беларусі. І ён гадамі, калі быў у гэтай капітуле, прапаноўваў палітыкаў з Усходняй Еўропы, каб яны атрымлівалі такія ўзнагароды. І калі памёр Станіслаў Шушкевіч, Лех Валенса напісаў, што ён развітваецца са сваім сябрам. Так што беларускі «след» ва ўзнагародзе Леха Валенсы ёсць відавочны і трывалы.

Хачу таксама сказаць, што ў сваім выступленні Павел Латушка ўзгадаў палітвязняў і ўзгадаў прысутных былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія прысутнічалі ў зале – гэта Уладзімір Някляеў і Аляксандр Мілінкевіч, якія на працягу многіх гадоў вялі змаганне за дэмакратычную Беларусь.

У сваім выступленні Павел Латушка вельмі моцна сканцэнтраваўся на геапалітыцы і сказаў праўду ў вочы менавіта пра беларускую рэальнасць і пра тое, што калі будзем глядзець на свет праз так званую рэал-палітыку, якая закладае сферы інтарэсаў, то гэта будзе згубна і для Польшчы, і для Еўропы.

РР: Думаеш палітыкі пачуюць гэты заклік Паўла Латушкі?

Яўген Вапа: Я думаю, што так, бо большая частка запрошаных гасцей – гэта дыпламатычны корпус, гэта дыпламаты, якія ў сваіх справаздачах абавязкова перакажуць сваім урадам тэзісы выступлення. Думаю таксама, што гэты зварот спадара Латушкі будзе агульнадаступны на польскай і ангельскай мовах. Бо, нагадаю, гэтую ўзнагароду каардынуе польскае Міністэрства Замежных Справаў. А голас польскага Міністэрства Замежных Справаў ёсць важным.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя