“Ён быў тыранам, а я рабыняй”. Так выказалася ў прапагандысцкім сюжэце АНТ былая актывістка партыі “Народная грамада” Вольга Цішкевіч пра цяперашняга выконваючага абавязкі кіраўніка сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Яўгена Вільскага.

Вольга нядаўна таемна з’ехала ў Беларусь пасля выкрывання таго, што яна пісала даносы ў КДБ, у тым ліку на блогера Пальчыса.
Яўген Вільскі каментуе скандал, звязаны з Вольгай Цішкевіч:
– Працяглы час была актывістам нашай партыі. Хаця па складу свайго характару заўсёды мела шмат ворагаў і многія не вельмі добра да яе ставіліся. Але тым не менш была актыўнай і добра працавала. Я не буду пералічваць тое, што яна зрабіла, каб не падстаўляць чалавека. Мы яе выключылі з партыі пасля таго, як дасье ад «кіберпартызанаў» было апублікаванае. Таму ўжо не слушна казаць, што яна сябар нашай партыі.

Паводле Яўгена Вільскага, у іх у партыі не існуе ніякіх пратаколаў бяспекі і выяўляць агентаў ці здраднікаў вельмі складана:
– Мы адкрытая арганізацыя. У нас няма нейкіх адказных людзей за пратакол, у нас няма ніякіх спецслужбаў. Прымаем чалавека ў партыю, калі ён згодны з нашым статутам, нашай праграмай, калі ён прытрымліваецца сацыял-дэмакратычных поглядаў. Нам няма чаго хаваць, усё, што можна даведацца пра нашую партыю, можна паглядзець у маім Фэйсбуку. Таму няма чаго кагосьці да нас засылаць, нейкіх шпіёнаў, кантралёраў. Мы не займаемся нічым незаконным. Тое, што мы робім, гэта ў законным, прававым рэчышчы.
Вольга Цішкевіч была сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” з 2017 года, актыўна ўдзельнічала ў розных імпрэзах і акцыях.

У 2022 годзе яна з’ехала з Беларусі ў Польшчу, а пасля пераехала ў Літву і жыла ў Вільні. На пачатку чэрвеня 2024 года жанчына знікла і, нічога не сказаўшы сваім блізкім і знаёмым, вярнулася ў Беларусь.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя