BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўгеній Дамажыраў: Пуцін робіць усё, каб разваліць Расею

Вораг Расеі не Еўропа з Амерыкай, а ў большай ступені Кітай, з якім доўгая сухапутная мяжа і прэтэнзіі на тэрыторыю. Але для гэтага трэба спыніць вайну і стаць дэмакратычнай краінай. Пуцін усё робіць для таго, каб разваліць Расею, гаворыць рэгіянальны апазіцыйны палітык з Волагды Яўгеній Дамажыраў.

РР: Калі вы з’ехалі з Расеі?

Яўгеній Дамажыраў: З Расеі я выязджаў у траўні 2022 года, пасля пачатку вайны. На мяне ўжо было аформлена некалькі пратаколаў, ад такіх адміністрацыйных, за арганізацыю мітынгаў супраць вайны, за публікацыі супраць вайны. Ну і ўжо стала зразумела, што ўсе гэтыя пратаколы, ужо быў прыклад дэпутата Гарынова, Яшын ужо быў на падыходзе. Было зразумела, што за некалькі пратаколаў, напрыклад нават за антываенныя публікацыі, напрыклад за Бучу, табе ўжо могуць прысудзіць крыміналку. Калі ў сакавіку ўвялі гэтыя законы, калі дыскрэдытацыя арміі так званая, стала відавочна, мяне так і папярэджвалі, бо я быў палітыкам, дэпутатам у свой час. Мяне адразу пачалі папярэджваць з розных бакоў: “Заткніся пра вайну або ты сядзеш”. Было прынята рашэнне, што трэба з’язджаць. У мяне пяцёра дзяцей, было зразумела, што калі я сяду, то будзе праблема для сям’і ў тым ліку.

РР: А цяпер вы чым займаецеся ў Польшчы?

Яўгеній Дамажыраў: Я зараз займаюся гэтай антываеннай дзейнасцю. Я адсочваю страты. Вось ужо два гады я адсочваю страты жыхароў Валагодскай вобласці. Раблю спецыяльны спіс, вяду такі сайт, дзе гэта ўсё публікую, вяду тэлеграм-канал, вяду эфіры на YouTube. Нягледзячы на тое, што гэта падаецца смешным, два з паловай гады, як я з’ехаў з Расеі, дагэтуль валагодскія СМІ называюць мяне галоўным апазіцыйным палітыкам Валагодскай вобласці. Працягваюць гэту працу, на 90% антываенную. У цэлым адсочваю павестку Валагодскай вобласці, пішу пра нейкія праблемы, якія існуюць. Яшчэ раз скажу, што антываенная тэма, публікацыі, гэта асноўнае.

РР: Колькі чалавек з Валагодскай вобласці загінула?

Яўгеній Дамажыраў: Зараз у нас у спісе 700 чалавек. Гэта тыя, хто афіцыйна знойдзены і апублікаваны. У нас зараз падлік страт прыблізна да траўня 2024 года. Калі так аб’ектыўна ацаніць, алгарытмы дазваляюць вылічваць сярэдняе. Я думаю, што лічбы зараз каля 900 чалавек. Яшчэ раз паўтару, што гэта тыя, што знойдзены. Літаральна сёння мне трапіўся чалавек, выйшла навіна, чалавек загінуў яшчэ ў траўні 2022 года. А мы даведаліся пра яго і ўнясём у спіс толькі на гэтым тыдні. Мы даведаліся пра яго толькі праз два гады пасля таго, як ён загінуў. Палітыка, якую вядуць нашы абласныя ўлады, гэта палітыка замоўчвання страт. У нас нядаўна рэйд толькі на адных валагодскіх могілках, яго правялі летам, знайшлі 34 прозвішча, якія раней нідзе не публікаваліся. Мы даведаліся пра іх толькі па могілках.

РР: Гэта людзі якога ўзросту?

Яўгеній Дамажыраў: Загінуўшыя ў Валагодскай вобласці ад 18 да 65, гэта ўсе. Там выяўляліся і жаўнеры тэрміновай службы, якія гінулі на самым пачатку вайны. Тыя, хто 18-19-гадовымі падпісвалі кантракт. Я перыядычна спыняю гэту працу, мне надакучвае праца з гэтымі сотнямі трупаў, я лічу ідыётаў, якія бессэнсоўна аддаюць жыццё за Пуціна. Калі я часамі не публікую некалькі тыдняў, то мне пішуць з Волагды, што гэту працу трэба працягваць. Мы адгаварылі некалькі чалавек, якім паказвалі гэты спіс. Мы адгаварылі іх падпісваць кантракт. Мы адгаварылі іх ехаць ва Украіну. Таму я раблю гэтую працу, бо як паказвае водгук з Валагодскай вобласці, гэта ўсё ж патрэбная праца, калі яна кагосьці там спыняе ад таго, каб яны сталі забойцамі, акупантамі, якія едуць ва Украіну. Значыць гэта трэба.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Паводле Яўгеній Дамажырава, Расея рызыкуе страціць вялікія тэрыторыі на карысць Кітаю, калі такая сітуацыя працягнецца. Пуцінскі рэжым не здольны стварыць камфортнае жыццё для сваіх грамадзян і жыць мірна з суседзямі.

Беларускае Радыё Рацыя