BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яўка на «выбарах» дасягнула 66,41% — абвясціў ЦВК

Здымак ілюстрацыйны

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на 14:00 яўка выбаршчыкаў на мерапрыемстве, якое ўлады называюць «прэзідэнцкімі выбарамі», склала 66,41%. Па дадзеных ЦВК, на 10:00 яўка складала 47,56%, на 12:00 — 56,64%. А вынікі пяці дзён датэрміновага галасавання паказалі, што на ўчасткі прыйшлі 41,81% выбаршчыкаў. Сёлетняя кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Апазіцыйныя сілы ў краіне фактычна ліквідаваныя. Беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой называюць гэта «спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады», а праваабаронцы кажуць пра імітацыю дэмакратычнай канкурэнцыі. На фоне крытыкі з боку Еўрапейскага парламента, ЗША і іншых дэмакратычных краін, у бюлетэнях апынуліся прозвішчы дзеючых уладаў і праўладных кандыдатаў: Аляксандра Лукашэнкі, а таксама лідараў трох праўладных партый — Алега Гайдукевіча (ЛДПБ), Сяргея Сыранкова (КПБ) і Аляксандра Хіжняка (РППС). Яшчэ адным кандыдатам стала Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як «дэмакратычная альтэрнатыва», аднак асноўную крытыку накіроўвае на апанентаў Лукашэнкі, якія цяпер за мяжой ці за кратамі. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі празрыстай ці адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Беларускае Радыё Рацыя