Госць Беларускага радыё Рацыя — прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно.

Алеся Вербаловіч пагутарыла з ёй пра беларусаў у гэтай краіне — колькі іх, якія рэгіёны абіраюць, якія праблемы і магчымасці маюць.
РР: На пачатку размовы хацелася б распытаць вас пра праблемы легалізацыі. Як у гэтым справы беларусаў у Італіі? Ці ёсць выпадкі, напрыклад, атрымання міжнароднай абароны? Ці ёсць выпадкі адмоваў?
Юлія Юхно: Канешне, мы, як народная амбасада, займаемся легалізацыяй. Гэта асноўная наша дзейнасць. Ці адна з асноўных. Не магу сказаць, што ў нас ёсць штосьці больш важнае і менш важнае. Усё аднолькава важнае. У нас вельмі добра даюць міжнародную ахову, то бок у нас амаль няма выпадкаў адмоваў. Але, калі яны ёсць, то мы дапамагаем збіраць дадатковыя дакументы і шукаем адвакатаў, калі ёсць такая магчымасць – прапанаваць бясплатных адвакатаў для нашых суайчыннікаў, каб яны змаглі зрабіць апеляцыю і ўсё ж такі атрымаць ці ўцякацтва (у нас найбольш даюць не міжнародную абарону, а ўцякацтва), але ёсць выпадкі і міжнароднай абароны.
Мы рыхтуем розныя дакументы, якія тычацца гэтых працэсаў, дасылаем іх у паліцыю, дасылаем у тэрытарыяльныя камісіі, таму што ў нас працэдура атрымання ўцякацтва не такая як у Польшчы ці ў Літве. У нас усё па-іншаму праходзіць. Ёсць адмысловыя тэрытарыяльныя камісіі, з якімі мы кантактуем і распавядаем пра тое, што адбываецца ў Беларусі. То бок гэта заўсёды праца некалькіх людзей – сабраць матэрыялы, зрабіць абдэйты, перакласці на італьянскую мову, аформіць і даслаць у эміграцыйныя органы.
І таксама ў нас ёсць вялікая праблема, якая тычыцца Дублінскага пагаднення. Большасць людзей, якія прыязджаюць да нас у Італію падпадаюць пад гэтае пагадненне, таму ёсць складанасці з гэтым.
Ёсць яшчэ шмат іншых складанасцяў, усімі імі мы займаемся на розных узроўнях. Калі гэта лёгкія выпадкі, то гэта адміністрацыя, ці нейкія сацыяльныя сервісы. А калі не, то тады мы ідзем на іншыя ўзроўні і спрабуем вырашыць пытанне на гэтых узроўнях. То бок мы працуем і з самымі нізавымі структурамі, і з Міністэрствам унутраных спраў, у нас ёсць кантакты, і з Міністэрствам знешніх спраў. То бок з усімі актарамі, якія могуць паўплываць на гэтыя працэсы.
РР: Давайце для нашых слухачоў патлумачым, што такое Дублінскае пагадненне. Гэта калі чалавек патрапляе ў Італію не адразу з небяспечнай краіны, а праз нейкую іншую краіну. Так?
Юлія Юхно: Ну так. Часцей за ўсё гэта Літва, ці Польшча. Або Латвія. Хаця Латвія не так часта. Звычайна гэта Польшы, ці Літва. У такіх выпадках атрыманне абароны зацягваецца. У нас і так гэта ўсё даволі павольна праходзіць. Нават калі ты прыехаў наўпрост у Італію. Як ёсць у мяне выпадкі, людзі прыязджалі і я іх праводзіла наўпрост праз усе працэсы ад атрымання візы да прыезду ў Італію, каб яны трапілі ў дзяржаўную праграму для уцекачоў. То яны яшчэ не дачакаліся сваёй камісіі, хаця ўжо прайшоў год. Яны прыехалі ў мінулым годзе ў кастрычніку. То бок у нас гэта не вельмі хутка.
А калі падпадаюць пад Дублінскае пагадненне, то тады чаканне яшчэ больш доўгае, гэта два гады і больш. Каб гэта ўсё не зацягвалася, мы кантактуем з рознымі прадстаўнікамі паліцыі, каб неяк паскорыць гэтыя працэсы, інакш атрымліваецца, што людзі па 2-3 гады не могуць нікуды выехаць, сядзяць і чакаюць, бо вельмі шмат мігрантаў у Італіі. Яны чакаюць гэтых камісій, чакаюць гэтых адказаў. Мы спрабуем усё гэта палегчыць , паскорыць, але тут ужо як атрымліваецца.
РР: Магчыма вядома, колькі сёння беларусаў у Італіі і якія рэгіёны яны выбіраюць для месца жыхарства.
Юлія Юхно: Канешне яны выбіраюць больш за ўсё Лацыю і Ламбардыя, таму што гэта Мілан і Рым, буйныя гарады, але і ў Тасканію падаюцца і ў Лігурыю, і ў Марке. Але, канешне, больш за ўсё ў вялікія гарады. А ўсяго беларусаў у Італіі на першае студзеня 2023 года было 9,5 тысяч. З 2020 года гэта амаль што на 1000-1200 больш чым было. Ну і я думаю, што нас тут больш, бо не маем яшчэ новых афіцыйных лічбаў.
Цалкам размова:
Спадарыня Юлія кажа, што на фоне вайны ва Украіне і Ізраілі Беларусь усё цяжэй утрымліваць у міжнароднай павестцы. Захаванне фокуса ўвагі — у тым ліку тое, чым займаюцца народныя амбасады.
Беларускае Радыё Рацыя






