BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Юлія Сівец пра новае слова ў паліталогіі

Ну ўсё. Старажытнагрэцкіх філосафаў можна адпраўляць на сметнік гісторыі. Сучасных палітолагаў таксама. Ва ўладаў Беларусі цяпер свой погляд на сапраўдныя формы народакіравання.

Дэмакратыі ўжо больш за 2500 год. А беларускія ўлады пайшлі сваім асаблівым шляхам. Яшчэ ў канцы VI ст. да нашай эры афінянін Клісфен правёў рэформы, у выніку якіх паўстала дэмакратыя, калі ўлада перайшла да паўнавартасных грамадзян Афін. З тых часоў разуменне народу пашырылася, аднак дэмакратыя дагэтуль з’яўляецца каштоўнасцю. Пра што пісалі як старажытнагрэцкія філосафы, так і цяперашнія палітолагі. Аднак беларускія ўлады маюць іншы погляд. Як заявіў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік на калегіі МЗС «Беларусь рыхтуецца да правядзення Усебеларускага народнага сходу, тым самым дэманструючы замежжу сапраўднае народаўладдзе, а не кальку заходніх псеўдадэмакратычных лекал». Сяргею Алейніку варта было б пачытаць, што такое дэмакратыя, а не толькі слухаць прапагандыстаў і глядзець беларускае ТВ.

Ды і Усебеларускі сход – гэта далёка не афінскі народны сход. У Афінах усё-такі ўсе грамадзяне, незалежна ад палітычных поглядаў, мелі права ўдзельнічаць у народным сходзе. А Усебеларускі народны сход складаецца з вывераных і адданых прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Патрапіць туды палітычнай апазіцыі так жа нерэальна, як рабу ў старажытных Афінах паўдзельнічаць у дыскусіях народнага сходу. Так што, да народаўладдзя Усебеларускі сход нават па мерках старажынай Грэцыі не дацягвае, не кажучы ўжо пра сучасны свет.

Беларускае Радыё Рацыя