3-га лютага ў Кангрэсе ЗША адбыліся слуханні “Правы чалавека ў Беларусі: палітвязні і працяг рэпрэсій”. Абмяркуем гэтую палітычную падзею з Госцем Рацыі – Юрасём Зянковічам – палітыкам, амерыканскім адвакатам і былым палітвязнем.

РР: Хочацца пачуць Ваш погляд на гэтыя слуханні, як на палітычную падзею.
Юрась Зянковіч: Гэта былі слуханні ў Кангрэсе па правах чалавека імя Тома Лантоса – гэта частка Кангрэса Злучаных Штатаў. Важна разумець, што гэта не тыя слуханні, на якіх прымаюцца нейкія рашэнні і гэта не суд. Мэта такіх слуханняў – зафіксаваць праблему ў афіцыйных запісах Кангрэсу, гэта факты і сведчанні, а потым менавіта на гэтыя запісы абапіраецца як уласна Кангрэс, так і ўрад ЗША, Дзяжаўны дэпартамент, міжнародныя структуры і праваабарончыя арганізацыі пры выпрацоўцы сваёй палітыкі. І тут важна не ствараць ілюзіяў, бо самы па сабе слуханні нікога не вызваляць, але яны фармуюць палітычны кантэкст, у якім магчымы далейшае ўзмацненне санкцый, або перамовы ці дыпламатычны ціск. Гэта не хуткі механізм, але гэта частка доўгай працэдуры фармавання знешняй палітыкі ЗША.
РР: З боку беларускіх дэмакратычных сілаў вельмі часта чуем, што зараз у сувязі з вайной ва Украіне, у сувязі з іншымі канфліктамі, усё цяжэй становіцца ўтрымаць павестку Беларусі, як тэму дня. Ці такія слуханні могуць нейкім чынам дапамагчы? І як у Амерыцы зараз беларуская праблематыка ўспрымаецца? Можа гэтыя слуханні запусцяць новую хвалю цікавасці да Беларусі, да палітвязняў?
Юрась Зянковіч: Беларусь не сыходзіць з парадку дня знешняй палітыкі ў Амерыцы і гэтыя слуханні ў Кангрэсе – найважнейшае сведчанне таго, што праблема па-ранейшаму актуальная. І трэба сказаць, што камісія імя Тома Лантоса яна ініцыюе слуханні па розных рэгіёнах, гэта не толькі Беларусь, гэта можа быць Кітай, Іран, Паўночная Карэя, Куба, Венесуэла – што заўгодна. Гэта стандартны інструмент увагі і тое, што слухалі Беларусь – гэта не выключэнне, гэта азначае, што беларуская тэма па-ранейшаму на радарах як Кангрэсу, так і знешняй палітыкі ЗША.
РР: Хто гэтую тэму больш уздымае – рэспубліканцы ці дэмакраты?
Юрась Зянковіч: Гэтая камісія двухпартыйная, што датычыць Беларусі, існуе палітычны кансэнсус. Могуць быць крыху розныя бачанні знешняй палітыкі ЗША паміж адміністрацыяй, кангрэсменамі, паміж рэспубліканцамі, дэмакратамі, тут пытанне нават не ў палітычным падзеле – таму што беларуская тэма – гэта не тое, што выклікае пэўныя дыскусіі ў амерыканскім грамадстве. Тут хутчэй пытанне ў эфектыўнасці і ў розных бачаннях. Сёння знешнюю палітыку фармуюць, безумоўна, рэспубліканцы. Але камісія двухпартыйная і абедзве партыі там прадстаўлены на парытэтнай аснове.
РР: Хто больш апякуецца Беларуссю, па Вашых адчуваннях?
Юрась Зянковіч: Гэта поўны палітычны кансэнсус у амерыканскіх элітах, якія разумеюць, што Беларусь – гэта важнае пытанне, у тым ліку ў знешняй палітыцы Злучаных Штатаў. Безумоўна, рэспубліканцы больш уплываюць.
РР: Вядоўца камісіі, адкрываючы слуханні, сказаў, што ЗША не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. А як тут зразумець тое, што Трамп піша лісты Лукашэнку і называе яго “шаноўным прэзідэнтам”?
Юрась Зянковіч: Безумоўна, прэзідэнт ЗША мае выключнае права фармаваць знешнюю палітыку, і ягоныя ўказанні абавязковыя для Дзяржаўнага дэпартамента, але гэтыя словы сустаршыні камісіі гавораць, што якраз ў палітыцы ЗША нічога не змянілася. Я проста нагадаю, што прэзідэнт Трамп сапраўды вельмі шмат гаворыць – гэта хутчэй тактыка ствараць такую дымавую завесу, каб ніхто не зразумеў, адкуль пасля “прыляціць”. І тое, што ЗША не прызнаюць Лукашэнку ў якасці легітымнага прэзідэнта, гэта вельмі выразны сігнал для Менску, таму што, нагадаю, ЗША таксама не прызнавалі прэзідэнта Венесуэлы Мадуру. І чым гэта скончылася для Мадуры, вядома.
Цалкам гутарка:
Беарускае Радыё Рацыя






