Дзеля вострай палітычнай дыскусіі. Яе трэба ажывіць у Каардынацыйнай Радзе, так пра матывацыю свайго ўдзелу кажа лідар спісу «Блок беларускіх палітычных зняволеных «Беларусы дзеяння» Юрась Зянковіч.

Палітычная сіла падчас лёсавання на выбарах у прадстаўнічы орган беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой атрымала нумар 8, наперадзе перыяд агітацыі.
«Трэба вярнуць Каардынацыйнай Радзе суб’ектнасць», дэкларуе лідар спісу Юрась Зянковіч:
– Дзеля таго, каб ператварыць яе ў орган, дзе будуць прымацца канкрэтныя палітычныя рашэнні, які будзе кантраляваць выкананне гэтых палітычных рашэнняў замест таго, каб абмяжоўвацца проста дэкларацыямі і проста абмеркаваннямі. Мы лічым, што КР павінна стаць тым органам, дзе адбываюцца вострыя палітычныя дыскусіі, дзе выслухоўваюцца розныя меркаванні і прымаюцца рашэнні абвязковыя для выканання ўсімі іншымі суб’ектамі.
Гэта новае палітычнае аб’яданне, складаецца з былых палітвязняў. У ранейшай працы Каардынацыйнай Рады не удзельнічалі.
«Ёсць свой погляд звонку і праграма дзеяння», – кажа Юрась Зянковіч:
– Мы лічым, што сам факт, што Каардынацыйная Рада існуе – гэта ўжо пазітыўна. Таму што лепш мець такую КР, як зараз, чым не мець ніякай. Але мы лічым, што гэта далёка не ўвесь яе патэнцыял, яна мусіць адыгрываць больш актыўную ролю, таму адзін з пунктаў нашай праграмы – гэта перагляд мемарандума пра ўзаемадзеянне з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, з Офісам Святланы Ціханоўскай і з іншымі суб’ектамі. Мы лічым, што Каардынацыйная Рада павінна граць ключавую і вызначальную ролю ва ўсіх гэтых раскладах.
На выбары, якія маюць адбыцца он-лайн у канцы траўня, зарэгістраваліся 9 выбарчых спісаў. Выбары 2026 года ў чацвёрты склад прадстаўнічага органа праходзяць на фоне дыскусіі пра эфектыўнасць гэтай структуры.
Беларускае Радыё Рацыя






