BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каардынатар польскіх спецслужб пракаментаваў заяву Лукашэнкі пра «падрыхтоўку правакацыі»

Каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Семаняк у эфіры Radio ZET 21 лютага назваў «поўным глупствам» заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы», якую нібыта рыхтуюць польская і амерыканская выведкі і ў якой «абвінавацяць Расею і Беларусь».

Фота: Radio ZET 

Паводле Томаша Семаняка, да падобных заяваў Лукашэнкі трэба ставіцца як «да элементаў інфармацыйнай вайны», мэта якіх — «пасеяць напружанасць, прыцягнуць да сябе ўвагу, мабілізаваць грамадскую думку ва ўласнай краіне, паказаць Расеі, што ён настроены супраць Захаду і супраць Польшчы».

20 лютага на нарадзе з кіроўным складам дзяржаўных органаў сістэмы бяспекі ў Менску Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў польскую і амерыканскую выведкі ў тым, што яны нібыта «рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь». Ніякіх доказаў сваім словам Лукашэнка не прывёў.