Што з сітуацыяй у Ізраілі? Для чаго была здзейсненая атака на Іран? Ці вядомыя сцэнары развіцця падзеяў? Як гэта ўсё адбілася на паўсядзённым жыцці? Адказы на пытанні шукаў наш Госць Рацыі, грамадзянін Беларусі і Ізраіля Яўген Акаеў.

РР: Давайце акрэслім, як на сённяшні дзень выглядае сітуцыя ў Ізраілі?
Яўген Акаеў: На сённяшні дзень у нас надзвычайнае становішча, стан вайны. Афіцыйна па ўсёй тэрыторыі краіны забаронена ўсялякая адукацыйная дзейнасць. У сэнсе, публічная, як школы, дзіцячыя садкі і г.д. Забароненыя любыя формы грамадскіх сходаў, нельга збіраць шмат людзей у грамадскіх месцах. І таксама забаронена праца. Забаронена ўсё, акрамя жыццёва неабходных прадпрыемстваў, такіх як мінімум транспарту, як вытворчасць прадуктаў харчавання, як энергетыка і г.д. Усё астатняе не працуе. Калі гэта закончыцца, цяжка сказаць. Але на сённяшні момант сітуацыя такая. І гэта добра адлюстроўваецца на прыкладзе маёй сям’і. У мяне сёння непрацоўны дзень, а жонка павінна была выйсці на працу, бо яна працуе ў харчовай прамысловасці. А дабрацца ёй да працы быў той яшчэ квэст, бо транспарт амаль не ходзіць.
РР: Ці акрэсліваюць вашыя ўлады, наколькі доўга будзе вось такі стан?
Яўген Акаеў: Пакуль гучалі лічбы – некалькі тыдняў. Але вы разумееце, некалькі – гэта можа быць і два-тры тыдні, і 54-ы тыдні. У гэтых прагнозах няма на што абапірацца. Кожны прагноз, які можна зрабіць, будзе абавязкова памылковым.
РР: Афіцына якім чынам каментуецца сітуацыя?
Яўген Акаеў: Адно зразумела, што пасля адкрыцця апошніх дадзеных, большасць з іх былі вядомыя нашай вышэйшай уладзе даволі доўгія гады, бо інфармацыя паступала, але апошняй кропляй, пасля якой стала відавочна, што далей цягнуць нельга, сталі дзве рэчы. Першая, у дыпламатычнай прасторы – гэта зацягнутыя перамовы Ірана са Злучанымі Штатамі, якія два месяцы цягнуліся, 60 дзён Штаты ім давалі на дасягненне дамовы, і гэта не прывяло ні да чаго. І другое – гэта даклад МАГАТЭ, які апублічыў тое, што Іран ўзбагачае ўран не да 3,6 %, як патрэбна для атамнай энергетыкі, а ў жо да 60%. І адсюль ужо адзін крок да атамнай бомбы. Улічваючы тое, што Ізраіль гэта краіна адной атамнай бомбы, бо паглядзіце на яе памеры, і калі нават адзін ядзерны зарад трапіць у цэнтр Тэль-Авіва, то на краіне можна будзе паставіць велічэзны крыж, бо значная частка насельніцтва загіне адразу.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя