«Мірны план па Украіне» пракаментаваў сёння і Аляксандр Лукашэнка. «Хутка скончым гэтую цяганіну ва Украіне і зоймемся сваімі справамі», – заявіў ён на сустрэчы з расейскай дэлегацыяй у Менску.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук выказаў меркаванне, што «Мірны план», у якім прадугледжана зняццё санкцый з Расейскай Федэрацыі, можа аўтаматычна прывесці да зняцця санкцый і з рэжыму Лукашэнкі. І гэта нясе пэўную небяспеку:
-І такім чынам адбудзецца легітымізацыя рэжыму Лукашэнкі, што для нас ва ўмовах, калі рэпрэсіі не спынены, працягваецца пераслед і ціск на грамадзянскую супольнасць і парушэнне правоў чалавека, таксама могуць быць знятыя гэтыя пытанні з Лукашэнкі аўтаматычна. І знята адказнасць за яго фактычны саўдзел у аперацыі супраць Украіны.
На думку Вадзіма Кабанчука, на сённяшнім этапе вельмі важна данесці да міжнароднай супольнасці, што існуе рэжым у Беларусі, які стаў саўдзельнікам Расеі ў вайне супраць Украіны, а таксама ёсць дэмакратычныя сілы Беларусі і народ, які не падтрымліваў вайну ва Украіне. Менавіта вакол гэтага павінна будавацца міжнародная палітыка ў дачыненні да нашай краіны.
Беларускае Радыё Рацыя





