Складана меркаваць, наколькі хутка можна пабачыць на волі чарговую групу вызваленых беларускіх палітвязняў. Бо размовы пра іх вызваленне паміж Вашынгтонам і Менскам ідуць у закрытым фармаце.

Разам з тым, улады ЗША даволі паслядоўныя ў сваіх дзеяннях, – кажа кіраўнік Агенцтва Еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі:
-Была такая засцярога, што ЗША вызваляць сваіх людзей і больш не будуць займацца пытаннямі вызвалення беларускіх палітвязняў. І тым не менш, мы бачым, што ЗША працягнулі гэтую працу. Гэта няпросты працэс, які вымагае таксама і пастаянных перамоваў з Менскам, але тым не менш, апошнія размовы з амерыканскімі дыпламатамі яшчэ ў снежні, адразу пасля вызвалення апошняй групы палітвязняў, паказвалі, што яны настроены досыць рашуча працягнуць гэты працэс, вызваляць людзей, вызваляць большымі лічбамі.
Станам на сёння, 28 студзеня, паводле сайта Праваабарончага цэнтру “Вясна”, у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1150 чалавек. “Большая частка гэтых людзей трапіла пад палітычна матываваны крымінальны пераслед у сувязі з падзеямі, якія разгарнуліся падчас і пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе”, – адзначаецца на праваабарончай старонцы.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






