Сёння, 18 лютага, прадстаўнікі ЗША і Расеі правялі перамовы ў Саудаўскай Аравіі аб завяршэнні вайны ва Украіне.

Пуцін і Трамп у 2019 годзе. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images
Пасля сустрэчы памочнік кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна па знешняй палітыцы Юры Ушакоў заявіў, што сустрэча расейскага дыктатара з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам наўрад ці адбудзецца на наступным тыдні, але ў Bloomberg паведамілі, што гэта магчыма.
Адзначаецца, што Ушакоў запэўніў, што дата сустрэчы Трампа і Пуціна яшчэ не вызначана. Паводле яго слоў, для гэтага патрэбна шчыльная работа дэлегацый дзвюх краін.
Тым не менш у агенцтве лічаць, што сустрэча Трампа і Пуціна можа адбыцца ў Саудаўскай Аравіі ўжо на наступным тыдні, улічваючы тое, як хутка прэзідэнт ЗША прасоўвае перамоўны працэс.
У агенцтве нагадалі, што перамовы ў Саудаўскай Аравіі паміж ЗША і РФ адбыліся пасля тэлефоннай размовы Трампа з Пуціным на мінулым тыдні. Тады прэзідэнт ЗША назваў іх дыялог “вельмі прадуктыўным”, а таксама заявіў, што яны, хутчэй за ўсё, сустрэнуцца ў Саудаўскай Аравіі.
Паводле слоў прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус, сустрэча прадстаўнікоў ЗША і РФ была спосабам “вызначыць, наколькі сур’ёзна настроены расейцы і ці знаходзяцца яны на адной хвалі з ЗША”. Яна падкрэсліла, што гэту сустрэчу не трэба ўспрымаць як тое, што датычыцца дэталей або прасоўвання наперад у нейкіх перамоваў.






