BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каля мяжы з Беларуссю пройдуць ваенныя вучэнні Літвы

Міжнародныя камандна-штабныя вучэнні “Моцная воля 2024” пройдуць з 6 па 20 лістапада “у загадзя вызначаных ваенных і грамадзянскіх раёнах Каўнаса і Паўднёва-Усходняй Літвы”, паведамляе прэс-служба Узброеных сіл краіны.

“Асноўная мэта вучэнняў, якія арганізуюцца штабам камандавання Сухапутных войскаў, – адпрацоўка падрыхтоўкі падпарадкаваных падраздзяленняў да планавання і правядзення буйнамаштабных абарончых аперацый, узаемадзеяння з саюзнікамі па NATO, інтэграцыі падраздзяленняў баявога забеспячэння і каардынацыі ўзаемных дзеянняў”, – гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, у вучэннях прымуць удзел больш за 400 вайскоўцаў з баявой тэхнікай. Узброеныя сілы Літвы папярэдзілі, што падчас правядзення вучэнняў на паўднёвым усходзе краіны магчыма “больш інтэнсіўнае перамяшчэнне ваеннай тэхнікі і транспартных сродкаў у светлы і цёмны час сутак”.

5 лістапада начальнік галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генштаба Узброеных Сіл Беларусі Уладзімір Купрыянюк, заявіў, што “калектыўны Захад” узмацняе прысутнасць на ўсходніх межах “кааліцыйных войскаў”, якія “здольныя наносіць высокадакладныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў Расеі”.