У эфіры Радыё Рацыя пабывалі камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс “Кіт” Прохараў і намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук.

РР: Сёння таксама адбываецца сустрэча ў Беластоку, вы сустракаецеся з беларусамі. Я падглядаю тг-канал Палка Каліноўскага, дзе адбываюцца гэтыя сустрэчы. Ужо быў Берлін, Познань, цяпер вы даехалі да Беластока, наперадзе Вільня. Я хацеў бы пачаць з канцэпцыі гэтых сустрэч, для чаго яны? Змяніць абстаноўку, выехаць адпачнуць, бо вядома, што ўсе мы людзі, і ўсе мы патрабуем чагосьці такога.
– Па-першае, гэты фармат сустрэчаў накіраваны на тое, каб падзякаваць усім неабыякавым беларусам, якія дапамагаюць нашаму падраздзяленню ад пачатку яго стварэння.
– Таксама гэта фармат пытанняў да нас і адказаў ад нас. Цёплая абстаноўка, каб пабачыць людзей, паціснуць ім рукі, паглядзець у вочы. Паказаць, што мы сапраўдныя. Каб пачулі гэтую датычнасць да нас. Таксама гэта інфармацыйны фармат: што адбываецца ва Украіне, сказаць актуальную павестку. Пра падраздзяленне расказаць тым, хто не ведае, а тым хто ведае прыгадаць пра нашыя патрэбы.
РР: Вадзім, а як Вы вызначыце?
– Апошнім часам мы назіраем пэўную стомленасць ад вайны ва Украіне, і хацелі б нагадаць жыхарам Польшчы пра тое, што на самай справе небяспека нікуды не падзелася, яна вельмі рэальная, і таму Украіне ў гэтыя цяжкія часы як ніколі патрэбная дапамога, патрэбная дапамога ў тым ліку нашаму падраздзяленню. І мы спадзяемся, што нашая паездка звярне ўвагу на гэтыя праблемы. Яшчэ раз нагадую людзям, што расслабляцца нельга, рэжым Пуціна пакуль не збіраецца спыняць гэтую вайну.
РР: Вы сказалі важную рэч, пра якую мы таксама тут на радыё часта гаворым – гэта стомленасць ад украінскай тэмы. Яна нібыта ёсць у еўрапейскіх палітыкаў. Напрыклад Зяленскі на самым высокім узроўні гаворыць пра тое, што ў еўрапейскіх палітыкаў ёсць такая стомленасць ад украінскай тэматыкі. Я так разумею, што вы таксама заўважаеце гэта? Як гэта выглядае?
– Гэта выглядае такім чынам, што падае падтрымка. Напрыклад, скарацілася матэрыяльна-тэхнічная падтрымка нашага падраздзялення. Я кажу зараз менавіта пра дыяспару, бо ў межах УСУ мы атрымліваем тое, што нам неабходна для вядзення баявых дзеянняў. Таксама знізіўся прыток рэкрутаў, і гэта таксама праблема. Бо пытанне стварэння беларускага падраздзялення стаіць, яно не знята. Яно нам патрэбнае для вызвалення Беларусі. Мы бачым што з’яўляецца ўсё больш інтэрв’ю пра тое, што вайна зацягваецца.
– Зразумела, што тут яшчэ ўключыліся варожыя сілы, якія вядуць сваю інфармацыйную кампанію. Але варта памятаць, што калі яны захапілі Данецкую і Луганскую вобласці і Крым, яны мабілізавалі там мужчынскае насельніцтва, і кінулі іх на вайну. Не дай бог, калі будуць захопленыя яшчэ землі, то гэта чакае іх усіх, у тым ліку і стомленых. Яны будуць адпраўленыя на вайну за інтарэсы Імперыі. Польшча знаходзіцца пад пагрозай, таму што мы ведаем, што ўвесь час адбываюцца вучэнні «Захад», дзе разглядаецца сцэнар перарэзвання Сувалкскага калідору.
Цалкам размову слухайце ніжэй:




Беларускае Радыё Рацыя