Ужо хутка – 9 і 10 жніўня – адбудзецца канферэнцыя “Новая Беларусь”. Сёлета яна пройдзе ў Варшаве і будзе ўключаць не толькі палітычна-грамадскія сустрэчы, але і культурныя. Акрамя таго, упершыню часткай праграмы стане Марш беларусаў. Пра двухдзённую падзею сённяшні Госць Рацыі – прадстаўнік аргкамітэту, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Сёлета чым будзе адметная канферэнцыя “Новая Беларусь”?
Арцём Брухан: У гэтым годзе – пяцігоддзе пратэстаў 2020 года, і зразумела, што накапілася шмат рэфлексіі і ў дэмакратычным руху, і ў актывістаў, і ў людзей, якія сочаць за падзеямі. І я думаю, вялікая ўвага будзе менавіта рэфлексіі нададзена. Але пры гэтым, я думаю, будзе дадзены можа нейкі палітычны і зразумелы пасыл на стратэгічнае развіццё руху, куды мы ідзем, дзе мы апынуліся. Думаю, гэта галоўнае. Але, як заўжды, двухдзённая канферэнцыя, дзе будуць і палітычныя панэлі, у гэтым годзе будуць і панэлі, дзе будуць удзельнічаць былыя палітзняволеныя.
РР: Хто заяўлены сярод спікераў?
Арцём Брухан: Яшчэ, зразумела, канчаткова праграма не зацверджана, з людзьмі ідуць кансультацыі, але што тычыцца дзвюх палітычных панэляў, зразумела, што гэта і Павел Латушка, і Франак Вячорка, і я, і Вольга Зазулінская, і Стася Гліннік хутчэй за ўсё. Таксама будзе панэль, прысвечаная дзейнасці і вынікам Каардынацыйнай рады. Гэта лідары фракцыяў. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, і, напрыклад, Ксенія Луцкіна зможа прыняць удзел, Паліна Шарэнда-Панасюк. І, зразумела, Святлана Ціханоўская.
РР: Падзея будзе ладзіцца два дні. Акрамя палітычных сустрэч, што яшчэ чакае наведвальнікаў?
Арцём Брухан: Варта зазначыць, што ў першы дзень – 9 жніўня – гэта ўдзел у агульным Маршы да пяцігоддзя пратэстаў 2020 года. Таму, я думаю, гэта будзе таксама вельмі важная частка. А на другі дзень будзе панэль, прысвечаная культуры. Там будуць вельмі цікавыя выступоўцы, пакуль не магу казаць, але думаю, гэта таксама вельмі цікавая рэч для культурных дзеячоў, для культуры, гэтая панэль таксам можа зацікавіць людзей.
РР: Канцэпцыяй Марша будзе вяртанне да 2020 года, і мне падаецца, што ў 2025 годзе адметнасць і ў тым, што ўпершыню да падзеі далучаны Сяргей Ціханоўскі. Ці супрацоўнічае цяпер каманда, якая ладзіць канферэнцыю, з Сяргеем?
Арцём Брухан: Наколькі я ведаю, у аргкамітэце яго няма. Я думаю, тая частка аргкамітэту, якая знаходзіцца ў Вільні, працуе ў Офісе Святланы Ціханоўскай, я ўпэўнены, што з ім знаходзіцца ў камунікацыі.
РР: На якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка да канферэнцыі?
Арцём Брухан: Фактычна зацверджана праграма, думаю, сёння-заўтра яна ўжо будзе выкладзена ў адкрыты доступ. І зараз створана рэдакцыйная камісія, якая парцуе над дакументамі, якія будуць прынятыя па выніках канферэнцыі. Я думаю, гэта таксама важная частка, даць палітычны пасыл, што не проста сабраліся і нешта абмеркавалі і разышліся, а зразумелую задаць рамку дзеяння для дэмруху, бо гэта ключавы палітычны івэнт для дэмакратычнага руху штогодні.
Нагадаем, зарэгістравацца на Канферэнцыю можна на сайце Святланы Ціханоўскай (https://tsikhanouskaya.org/ru/event/knb_2025 ).
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






