BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Канферэнцыя па Беларусі можа адбыцца ў Сенаце Польшчы

8 кастрычніка адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і спікеркі Каардынацыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай з маршалкам Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай, паведамляе @CabinetBelarus

На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Камітэта па міжнародных справах Сената Гжэгаж Схетына, каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч.

Павел Латушка ўзняў пытанне падтрымкі Польшчай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы.

«Вельмі важна, каб Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны падтрымалі намаганні Літвы, скарыстаўшыся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Няхай справядлівасць возьме верх над беспакаранасцю. Гэтага жадае большасць беларусаў. Гэта тое, што нас яднае. Жаданне справядлівасці», – падкрэсліў Павел Латушка.

Павел Латушка праінфармаваў польскі бок аб працягу рэпрэсій у Беларусі, паведаміўшы, што толькі 8 кастрычніка Следчы камітэт рэжыму распачаў крымінальныя справы супраць 45 чалавек, у тым ліку чальцоў Каардынацыйнай Рады, якія былі абвінавачаныя ў датычнасці да спробы захопу ўлады.

Маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньска падкрэсліла важнасць актыўнай працы ў парламенце Польшчы групы за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

Старшыня камісіі па замежных справах Сената Гжэгаж Схетына зазначыў, што старшынства Польшчы ў Еўразвязе стане добрай магчымасцю для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычных сіл і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

«Мы гарачыя прыхільнікі вашай дзейнасці. Мы будзем дэманстраваць, што варта падтрымліваць барацьбу за вашу суб’ектнасць. Мы будзем нагадваць, што ў Еўропе ёсць краіна, глыбока недэмакратычная, дзе людзі сядзяць у турмах за свае погляды», – заявіў на сустрэчы Гжэгаж Схетына.

Каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч акцэнтаваў асаблівую ўвагу на старшынстве Польшчы ў ЕЗ у кантэксце дэманстрацыі не разавага падыходу да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, а сістэмнага, які ахоплівае палітычныя, культурныя, эканамічныя пытанні і г.д., а таксама на важнасці паказаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі.

Асобна абмеркаваны перспектывы ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў ініцыятыве ЕЗ «Усходняе партнёрства».

Павел Латушка і Анжаліка Мельнікава вылучылі ініцыятыву па правядзенні слуханняў і дыскусій, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека, а таксама па супрацоўніцтве паміж камітэтамі і працоўнымі групамі Каардынацыйнай Рады і Сената Польшчы.

Польскі бок выказаў зацікаўленасць у правядзенні ў парламенце Польшчы канферэнцыі, прысвечанай беларускай тэматыцы.

«Польшча з’яўляецца лідарам сярод нашых партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, а таксама вядучай краінай у ЕЗ па выпрацоўцы палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Польшча нязменна праяўляе салідарнасць з беларускім грамадствам у нашым імкненні да незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі», – падкрэсліў Павел Латушка.