BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Карцінка пасля «выбараў»

Шоў пад назвай «выбары ў палату прадстаўнікоў» скончылася. Ну як шоў – самадзейнасць.

Калі я працаваў журналістам у полі, то бок рабіў рэпартажы з месца падзеяў, мне даводзілася з мікрафонам у руках бываць і на «Дажынках» і на рознага кшталту выбарах.

«Трэш», «угар», «крынж». У дыктатурах паталагічна не атрымліваецца быць эстэтычна прывабнымі. Затое ідзе гульня ў імітацыю. Але да сёлета вялікім і маленькім па маштабе памагатым Лукашэнкі шанцавала патрапіць у патрэбную хвалю, і ўдаваць, што досыць вялікі працэнт беларусаў і праўда шчыра падтрымлівае свайго правадыра.

Каб карцінка была падобнай да сапраўднай, трэба хоць троху дазваляць людзям расслабляцца. У постсавецкай і лукашэнкаўскай версіях гаворка ішла пра мора піва і гарэлкі пад закуску чабурэкамі і беляшамі.

Некаторыя ішлі «разгавецца» на выбарчыя ўчасткі проста з раніцы. Часам буфеты былі нават не ў холах, а ў настаўніцкіх пакоях. Так, напрыклад, аднойчы менскі журналіст зрабіў рэпартаж са сваёй школы, дзе выпіў каньяку там, дзе зрэдчас бываў «на дыване» ў завуча.

Адпаведна, пад вечар інтэрнэт поўніўся тэматычнымі фота-відэа замалёўкамі з нецвярозымі і разняволенымі «простымі людзьмі».

Цяпер карцінкі з участкаў прыходзяць проста стэрыльнымі. На столькі, што паверыць у 87 % ад удзельнікаў галасавання, агучаных дзяржпрапагандай, проста немагчыма.

Нават калі дапусціць, што ў асноўны дзень галасавання на выбарчыя ўчасткі прыйшлі каля 50% выбарцаў, схаваць тры мільёны чалавек, які ў адзін дзень актыўна перасоўваюцца па краіне, проста немагчыма.

Вось што напісала чытачка тэлеграм-каналу «Рэальная Беларусь» (цытую): «Я не поленилась и опросила всех своих родственников и знакомых максимально. В среднем на семью 4 взрослых человека. Вышло примерно 530 человек. Никто не ходил голосовать. Это только у меня столько разумных. А у вас?» (канец цытаты).

Замежная рэакцыя ў прынцыпе таксама далёкая ад чагосьці актыўнага. Расея павіншавала, заходнія краіны працягнулі санкцыі яшчэ на год.

Ні дыверсіяў, ні правакацый, да якіх так актыўна рыхтаваліся лукашэнкаўцы ў пагонах. Хоць цалкам маглі сабе дазволіць арганізаваць чарговы прарыў на «джыпах» ці «дыверсантаў» з шэрагаў КГБ.

Такое адчуванне, што вырашылі не турбаваць нездаровага чалавека ва ўзросце – Лукашэнку.

Тым часам, аналітыкі розных краін гавораць, што адчуваецца падрыхтоўка новай хвалі вайны.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя