Госць Рацыі – прадстаўнік ініцыятывы dissident.by, былы палітвязень Вячаслаў Касінераў.

РР: Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Абмяркоўвалася вызваленне 1300 палітзняволеных. Адкуль ён узяў гэтую лічу, ці не ў вас на сайце dissident.by?
Вячаслаў Касінераў: Па ўсёй верагоднасці, у нас. І гэта, канешне, нас радуе, што палітыкі на максімальна высокім роўні выкарыстоўваюць максімальна пашыраны спісак палітвязняў, які мы прадстаўляем.
РР: Зараз на сайце я бачу 1315 асобаў.
Вячаслаў Касінераў: Так, але лічба ўваесь час мяняецца. І такая невялікая разбежка зразумелая.
РР: Наколькі гэта нечаканая навіна для вас была? Я памятаю словы Сяргея Ціханоўскага па вызваленні, які акурат такое развіццё падзей і не выключаў. Ён казаў, што Трамп можа зрабіць адно тэлефанаванне і ўсе палітзняволеныя будуць на волі. І зараз вынікае, што менавіта такі званок і адбыўся.
Вячаслаў Касінераў: Па-першае, важна разумець, што пакуль нікога не вызвалілі. І гэта толькі размовы. І пытанне: ці вызваляць? Цяжка казаць пра нейкія рэальныя крокі. Сам факт гэтай размовы добры, але магчыма, што Трамп дзейнічае ва ўласцівай яму манеры, стварэння такой фрустрацыі ў сваіх саюзнікаў і апанентаў. Канешне, такая заява шакуе. Думаю, што і Лукашэнка, як дыктатар, не факт, што гатовы да такога максімальнага крока.
РР: Першым пра гэта паведаміў тг-канал “Пул Первого” і ніякіх падрабязнасцяў ён не прыводзіў. Трамп у гэтым сэнсе іх перагнаў, распавёўшы пра гэта. Мы толькі што гутарылі з Паўлам Латушкам на гэтую тэму, і размова вялася пра тое, каб у Менску правесці перамовы па Украіне. Менавіта пад гэтую падзею, магчыма, усіх вызваляць. Як Вы думаеце?
Вячаслаў Касінераў: Тут трэба ўлічваць, што Трамп не абаронца правоў чалавека. Мы гэта выдатна разумеем. Многія дзеянні Трампа зараз парушаюць правы чалавека і не толькі ў свеце, але і ў ЗША непасрэдна. І што ў нас з’явілася такое “акно магчымасцяў” у выніку нейкіх палітычных мэтаў, якія сабе паставіў Вашынгтон, могуць выйсці людзі на волю, гэта, безумоўна, цудоўна. Аднак не варта мець ілюзій наконт самой сітуацыі, што ў прынцыпе вынікае з фармулёвак, якія выкарыстоўвае Трамп у адносінах да Лукашэнкі, называючы яго “паважаным прэзідэнтам”. А таксама сыходзячы з таго, што няма ні слова пра тое, каб у Беларусі неяк змянілася сітуацыя з рэпрэсіямі. Вызваленне палітзняволеных – так. Але калі ўсё застаецца так, як ёсць, у бліжэйшыя месяцы мы атрымаем лічбу блізкую да той, якую маем зараз па палітвязнях. Таму хацелася б, канешне, больш глыбокіх зменаў, і верагодна не варта пачынаць падкідваць капелюшы ўверх.
РР: Ужо з’явіліся дэталі з боку афіцыйнага Менску наконт таго, пра што ішла размова. Тг-канал “Пул Первого” паведамляе, што Лукашэнка запрасіў Трампа з сям’ёй у Менск і гэтае запрашэнне было прынятае. Перад гэтым і Трамп напісаў, што чакае ў будучым сустрэчы з Лукашэнкам. Не ведаю як да гэтага ставіцца нават…
Вячаслаў Касінераў: Насамрэч, тут усё зразумела. Для Лукашэнкі гэта радасць вялікая. За такі час яго палітычная ізаляцыя, ад якой ён пакутаваў, яна можа быць зламаная. І тут ізноў жа нам застаецца спадзявацца і неяк імкнуцца ўздзейнічаць на нашых партнёраў, выкарыстоўваючы перадусім рыторыку правоў чалавека, што яны мусяць быць абароненыя ў Беларусі, каб вынікамі падобных дыялогаў, падобных здзелак, было паляпшэнне сітуацыі беларускіх палітвязняў, а лепш іх адсутнасць у далёкай перспектыве. Гэта два галоўныя моманты для нашай краіны – каб палітвязняў выпусцілі і каб перасталі набіраць новых.
Цалкам гутарка:
Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя






