Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі правёў шэраг сустрэч у Бундэстагу, дзе «за адным сталом сабраліся прадстаўнікі розных палітычных партый Германіі», паведамляе прэс-служба кабінета.
Паводле слоў Кавалеўскага, цікавасць нямецкіх дэпутатаў да дыялогу «яшчэ раз падкрэслівае: тэма Беларусі абʼядноўвае».
Адзначаецца, што прадстаўнік АПК правёў сустрэчы з дэпутатам Хрысціянскага дэмакратычнага саюза Кнутом Абрахамам, прадстаўніком партыі «Зялёных» Робінам Вагенерам, парламентарыем ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нільсам Шмітам.
Асноўнай тэмай сустрэч, паводле слоў Кавалеўскага, была «пагроза, якую нясе расейскі імперыялізм і каланіялізм не толькі незалежнасці Беларусі і Украіны, але і ўсяму рэгіёну, і тыя практычныя крокі, якія могуць зрабіць еўрапейскія партнёры, каб дапамагчы абараніць суверэнітэт Беларусі – і дапамагчы Украіне на шляху да перамогі».
Кавалеўскі, як паведамляецца, адказаў на пытанні аб выбарах у Каардынацыйную раду, бягучай сітуацыі і патрэбах беларускай грамадзянскай супольнасці, уздымалася таксама тэма рэзалюцыі бундэстага па Беларусі і наступныя практычныя крокі, якія могуць вынікаць з яе.
Беларускае Радыё Рацыя