Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі падвёў папярэднія вынікі ўдзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, у тым ліку ў дыскусіі «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар перамен ці пешка ў чужой гульні?».

Палітык агучыў і бягучыя планы ўдзелу ў канферэнцыі:
– Дзень пачаўся менавіта з беларускай панэлі, дзе абмяркоўваліся сітуацыя ў Беларусі і магчымыя шляхі яе далейшага развіцця. Пасля гэтага ў мяне былі яшчэ асобныя сустрэчы з палітыкамі і дыпламатамі. Гэтыя сустрэчы працягнуцца на працягу трох дзён. Асноўныя тры тэмы, якія я падымаю, гэта ўлік інтарэсаў Беларусі ў мірным працэсе па Украіне, пагроза незалежнасці з боку Расеі і пытанне вызвалення палітычных зняволеных. Што датычыцца амерыканскага трэка, наўпрост з Мінскам, то гэта тэма ўсё ж такі канфідэнцыйная, каб не нашкодзіць, каб людзі працягвалі выходзіць.
Сярод важных заяваў на Мюнхенскай канферэнцыі выдзяліўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які папярэдзіў, што Расея можа рыхтаваць акт агрэсіі супраць краін НАТА ў наступным годзе, выкарыстоўваючы Беларусь як плацдарм для нападу. Ён падкрэсліў, што Кіеў «дакладна разумее, што рускія збіраюцца рабіць з Беларуссю».



Беларускае Радыё Рацыя






